У Воршы плануюць дарогі на магілах ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

У Воршы распрацоўваецца новы генеральны план, які вызначыць, якім будзе горад да 2030 года. Сярод прапаноўваемых архітэктарамі пунктаў ёсць і скандальны.

Плануецца пабудаваць дзве дарогі, якія пройдуць наўпрост па месцах масавых сталінскіх расстрэлаў на Кабыляцкай гары і каля Магілёўскай шашы.

Аршанскі краязнаўца і грамадскі актывіст Ігар Казмерчак распавядае:

— Архітэктары не прадумалі. У Воршы будуць дзве дарогі, якія пройдуць па месцах пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Адна пройдзе наўпрост па Кабыляцкай гары. А другая — па Магілёўскай шашы. Па праекце, абедзве дарогі пройдуць акурат па расстрэльных ямах. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што і не ўсе чыноўнікі згодныя з гэтым планам. Ён адназначна будзе карэктавацца. У панядзелак збярэцца аршанская кааліцыя дэмакратычных сіл, каб выказаць і свае прапановы. Я спадзяюся, што гэтыя дарогі мы зможам перанесці.

Праект генеральнага плана Воршы прадугледжвае таксама і далучэнне да горада 11-тысячнага горада Барань.

Акрамя таго, вялікія пытанні выклікае далейшае будаўніцтва новага жылля. Але, як са здзіўленнем адзначыў Ігар Казмерчак, за два тыдні папярэдняга абмеркавання генплана ніхто з аршанцаў не прынёс свае прапановы ў райвыканкам.

У панядзелак грамадскія актывісты Воршы складуць спіс сваіх прапаноў.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць