У Змітра Паліенкі можа быць гангрэна, а турэмны доктар не ведае, як яго лячыць

Лекар Бабруйскай калоніі, не ведае, што адбываецца з нагою палітвязня, рана на якой доўгі час не загойваецца.
«Калі б я ведаў, што гэта, працаваў бы ў шпіталі, а не тут», — так адказаў ён Змітру, падае словы актывіста ягоная сяброўка Марына Насенка.

«Мы таксама не ведаем, што з нагой, каб даслаць адмысловыя лекі. Сам кажа, што падобна на гангрэну. Але гэта ўсе недакладна», — піша яна.

Акрамя гэтага, Змітра зноў вярнулі на старую працу па вырабе пальчатак, ад якой у яго абвастраецца алергія ды астма.

Кіраўніцтва калоніі намагаецца абмежаваць кантакты са зняволеным усімі магчымымі спосабамі.

«Камунікацыя з адвакаткай адбываецца праз шкло і трубку. АГК таксама не змаглі трапіць на асабістую размову з палітвязнем. Лісты з большага вымушаны дасылаць замоўнымі. У грошах, як і дагэтуль, абмежаваны. Тэлефанаваць мае права толькі бацьку», — піша Марына Насенка.

Змітра Паліенку амаль штомесяц змяшчаюць у штрафны ізалятар за надуманыя парушэнні. Палітвязень мяркуе, што такім чынам адміністрацыя стварае падставы для таго, каб распачаць супраць яго новую крымінальную справу — па арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

***

У кастрычніку 2016-га Паліенку асудзілі на 2 гады зняволення з адтэрміноўкаю за нібыта напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які прайшоў у Мінску. Увесну летась Паліенку зноў арыштавалі: суд скасаваў адтэрміноўку і адправіў Паліенку адбываць рэшту тэрміну ў Бабруйскую калонію.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Паліенку вязнем сумлення.


Паводле belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць