У 2014 годзе ТБМ распрацуе міжнародны сертыфікат беларускай мовы

Заявіла ў інтэрвью карэспадэнту НЧ першы намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, кіраўнік працоўнай групы па падрыхтоўцы міжнароднага сэртыфікату беларускай мовы, мовазнаўца Алена Анісім.



Алена Анісім


Яна распавяла, што праца над стандартам па ацэнцы валодання беларускай мовы іншаземцамі згодна рэкамендацый Савета Еўропы вядзецца з пачатку мінулага году. “На працягу 2012 года мы вывучалі, хто мог бы заняцца здзяйсненнем гэтага праекту, акрамя ТБМ, наколькі зацікаўлены ў ім дзяржаўныя органы, у тым ліку ўніверсітэты і Міністэрства замежных спраў. Хаця яно праявіла цікавасць да гэтай справы, але палічыла, што ёю павінны займацца не грамадская арганізацыя, а дзяржаўныя структуры. А паколькі Міністэрства адукацыі не выявіла зацікаўленасці да гэтага праекту, мы вырашылі самі яго здзейсніць. З другога боку, нас падтрымалі выкладчыкі ВНУ, бо яны сустракаліся з тым, што ёсць людзі за межамі нашай краіны, якія вывучаюць беларускую мову, але для свайго прафесійнага статусу, а таксама для рэалізацыі нейкіх навуковых ці службовых памкненняў не маюць крытэру ацэнкі свайго валодання беларускай мовай. Вось чаму мы вырашылі аб’яднаць намаганні навукоўцаў і выкладчыкаў шэрагу сталічных універсітэтаў для ажыццяўлення гэтага праекту. Дарэчы, у мінулым годзе з падтрымкі ўраду Расіі ў Маскве выйшаў падручнік беларускай мовы для краін СНД, падрыхтаваны выкладчыкамі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту “, -- сказала Алена Анісім.
 
 
Яна адзначыла, што ў межах Мытнага саюзу Беларусь засталася адзінай дзяржавай, якая пакуль не мае такога міжнароднага сэртыфікату. Паводле яе слоў, перш чым прыступіць да распрацоўкі міжнароднага сэртыфікату беларускай мовы працоўная группа знаёмілася з адпаведнымі еўрапейскімі стандартамі, падрыхтаванымі і апрабаванымі для іншых моў, у тым ліку па італьянскай, польскай, рускай і казахскай мовах. Дарэчы, трэба мець на ўвазе, што міжнародны сертыфікат па італьянскай мове для іншаземцаў створаны Італьянскім нацыянальным таварыствам імя Данте Аліг’еры яшчэ на пачатку 1970-х гадоў, сказала намесніца старшыні ТБМ.
 
 
“Зараз працоўнага група рыхтуе апісанне стандартаў валодання беларускай мовай па кожнаму з шасці ўзроўняў: пачатковаму, базаваму, сярэдняму, прасунутаму, высокаму і дасканаламу, як рэкамендуе Савет Еўропы. Справа ў тым, што беларуская мова багатая, добра распрацаваная і дастаткова складаная з пункту гледжання граматыкі, фанэтыкі, сінтаксісу, а таксама адметнай старажытнай і сучаснай лексікі, асабліва для людзей, якія ўпершыню з ёю сутыкаюцца. Прычым, у апісанне стандартаў па кожнаму ўзроўню ўваходзяць адпаведныя тэсты, па якім можна ацаніць ступень валодання беларускай мовай любога прэтэндэнта, а таксама пералік ведаў, уменняў і навыкаў ў лексыцы і граматыцы, аўдыяванні (успрыманні на слых і адказ), чытанні і пісьме”, -- распавяла Алена Анісім.
 
 
Паводле яе слоў, да лета 2014 годдзе мяркуецца выданне апісанняў стандартаў валодання беларускай мовай па кожнаму з шасці ўзроўняў з адпаведнымі пробнымі тэстамі для іх ацэнкі замежнымі экспертамі, а таксама правядзенне па гэтай праблеме міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, а на працягу некалькіх наступных гадоў запланавана падрыхтоўка і выпуск шэрагу падручнікаў па беларускай мове для іншаземцаў.
 
 
Алена Анісім выказала ўпэўненасць у тым, што дзяржава зразумее стратэгічную значнасць міжнароднага сэртыфікату па дзяржаўнай беларускай мове для іншаземцаў і падтрымае гэты грамадскі праект.
 
 
Навукоўца падкрэсліла, што беларуская мова з’яўляецца непасрэднай духоўнай спадчынай нацыі, якая павінна апекавацца сваею моваю. “Вось чаму мы зацікаўлены ў тым, каб гэтую нашую культурную спадчыну дагледзець належным чынам, як іншыя цывілізаваную нацыі даглядаюць сваю”, -- сказала Алена Анісім.

Каментаваць