У абдымках Еўропы

За апошні тыдзень Беларусь наведалі шэраг прадстаўнікоў Еўрасаюза. Такога наплыву высокіх гасцей з Захаду краіна «апошняй дыктатуры ў Еўропе» не ведала ўжо шмат гадоў.



За апошні тыдзень Беларусь наведалі шэраг прадстаўнікоў Еўрасаюза. Такога наплыву высокіх гасцей з Захаду краіна «апошняй дыктатуры ў Еўропе» не ведала ўжо шмат гадоў.



Візіт 1

Пачалося ўсё з візіту прадстаўнікоў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы на чале са старшынёй Камісіі па палітычных пытаннях Горанам Ліндбладам. Мэтаю візіту былі перамовы пра вяртанне Беларусі статуса спецыяльна запрошанага ў ПАРЕ, якога краіна была пазбаўлена пасля непрызнання Еўропай рэферэндуму 1996 года. Цяпер адзінай умовай еўрачыноўнікаў для ўдзелу ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ёсць фарміраванне сумеснай афіцыйна-апазіцыйнай місіі з удзелам дзеючых беларускіх парламентарыяў і прадстаўнікоў апазіцыйнага блока. Пытанне пра вяртанне Беларусі статуса спецыяльна запрошанага будзе разгледжана ў чэрвені.

Візіт 2

А 19 лютага ў Мінску з вуснаў вярхоўнага прадстаўніка ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі, генеральнага сакратара Савета ЕС Хаўера Саланы прагучала сцверджанне, што яго візіт у Беларусь — гэта пачатак паляпшэння адносінаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Пры гэтым еўракамісар адзначыў, што прыехаў у Беларусь не дзеля таго, каб ставіць умовы.

Сустрэчы, што адбыліся ў межах візіту (з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Сяргеем Мартынавым, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці — кіраўнікамі Беларускага Хельсінскага камітэта Алегам Гулакам, Беларускай асацыяцыі журналістаў — Жаннай Літвіной, палітыкамі Аляксандрам Казуліным і Аляксандрам Мілінкевічам, юрыстам Аленай Танкачовай і эканамістам Паўлам Данейкам, лідэрам Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком), ён расцаніў як «вельмі-вельмі пазітыўныя і канструктыўныя».

Генеральны сакратар ЕС адзначыў, што ў 2009 годзе сярод прыярытэтаў Еўрасаюза — развіццё ініцыятывы «Усходняе партнёрства». «У структуры ініцыятывы асаблівае месца ёсць для Беларусі», — заявіў Хаўер Салана.

У інтэрв’ю БелаПАН палітык сказаў, што ацэньвае свой візіт як “канструктыўны і прадукцыйны. І выказаў упэўненасць, што “працэс нармалізацыі двухбаковых адносінаў пачаўся і будзе працягвацца на добрай хуткасці.

Візіт 3

Дэпутаты Еўрапарламента: Лайма Андрыкакене, Крыстафер Бізлі, Яцэк Пратасевіч (фота – Ю. Дзядзінкіна)

Пасля Хаўера Саланы з неафіцыйным бліц-візітам для «збору інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі» ў Мінск прыехала група дэпутатаў Еўрапейскага парламента з фракцыі Еўрапейскай народнай партыі (EPP–ED) на чале з Крыстаферам Бізлі (Вялікабрытанія). Сярод візіцёраў былі Лайма Андрыкене (Літва), якая ініцыявала гэты прыезд дэлегацыі, Яцэк Пратасевіч (Польшча) і Хасэ Хаўер Помез Руіз. (Іспанія)

На працягу шасці гадзін еўрапарламентарыі сустрэліся з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, пасламі краін ЕС у Беларусі, кіраўніцтвам Галоўнага ўпраўлення Еўропы Міністэрства замежных спраў, палітыкамі Аляксандрам Мілінкевічам, Аляксандрам Казуліным, Паўлам Севярынцам, Вінцуком Вячоркам. Ад сустрэчы з прадстаўнікамі беларускага парламенту еўрапейскія госці ўхіліліся, патлумачыўшы гэта некаторай крыўдай за перашкоды, з якімі сутыкаюцца еўрапейскія палітыкі, калі хочуць наведаць Беларусь. Дарэчы, сярод тых, каму калісьці афіцыйны Мінск адмовіў у выдачы візы, значыцца імя і Лаймы Андрыкене.

Сабраную падчас візіту інфармацыю палітыкі падрыхтуюць для справаздачы Еўрапейскаму парламенту да таго моманту, калі ў сакавіку будзе прымацца рашэнне пра далейшую палітыку ва ўзаемаадносінах паміж ЕС і Беларуссю. Кіраўнік дэлегацыі Крыстафер Бізлі заявіў падчас сустрэчы з журналістамі: «Мы хочам, каб у Беларусі адбыліся змены. Але, калі па-ранейшаму будуць жорстка разганяцца дэманстрацыі, нам будзе вельмі цяжка прыйсці да пагаднення».

На пытанне журналіста «НЧ», ці не маюць заходнія палітыкі намеру прызнаць арыштаваных нядаўна прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенку і Юрыя Лявонава палітычнымі вязнямі і дамагацца іх вызвалення, Крыстафер Бізлі адказаў, што гэта — прэрагатыва праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» і што ўлады тлумачаць іх арышт крымінальнымі прычынамі.

Польскі дэпутат і кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч нагадаў, што рашэнне па Беларусі, якое будзе прымацца Саветам Еўрасаюза, мусіць быць аднагалосным.

«Без усялякіх сумневаў, сёння нельга сказаць, што сярод дваццаці сямі няма краінаў, якія лічаць, што сітуацыя ў Беларусі не змяняецца да лепшага, — падкрэсліў еўрапарламентарый. — Гэта значыць, што голас Еўрапейскага парламента, які будзе прымаць сваю рэзалюцыю перад рашэннем міністраў замежных спраў, будзе вельмі важны. У Беларусі не павінна быць палітычных вязняў, мусяць быць змены ў выбарчым заканадаўстве, якія б прывялі да дэмакратычных выбараў, змены ў крымінальным заканадаўстве — скасаванне шэрагу артыкулаў КК, якія не адпавядаюць міжнароднаму заканадаўству, таксама гэта свабода СМІ, свабода дзейнасці для палітычных партый і няўрадавых арганізацый».

Дэпутатка Лайма Андрыкене звярнула ўвагу на сітуацыю са свабодай СМІ: «Вельмі добра, што дзве газеты вярнуліся ў сістэму падпіскі і распаўсюду. Але ў нас яшчэ ёсць доўгі спіс выданняў, якія не ўключаныя ў сістэму распаўсюду. Гэта «Новы час», «Барысаўскія навіны», «Віцебскі кур’ер» ды іншыя». Еўрадэпутаты ў сваіх ацэнках былі ўсё ж больш цвёрдымі, у параўнанні з чыноўнікамі ЕС, якія наведалі Беларусь да іх. «Супрацоўніцтва павінна засноўвацца на павазе да пэўных прынцыпаў. Мы выказваем добрую волю, але мы павінны быць упэўненыя, што гэта добрая воля сыходзіць не толькі ад Еўропы, але і ад Беларусі», — заявіў Яцэк Пратасевіч.

Візіты 4 і 5

Не толькі Брусель, але і бліжэйшыя суседзі разгарнулі ў Мінску сваю знешнепалітычную дзейнасць. Беларусь наведаў ужо былы прэм’ер-міністр Латвіі Іварс Гадманіс. Вынікам яго сустрэчы з Сяргеем Сідорскім і прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнка стала падпісанне мемарандума ў сферы энергетыкі. «Беларусь, Літва і Латвія плануюць у найбліжэйшы час прапанаваць ЕС сумесны энергетычны праект», — заявіў журналістам па выніках перамоў Сідорскі.

Гандлёвы абмен і эканамічнае супрацоўніцтва паміж Польшчай і Мінскам — галоўныя тэмы візіту міністра польскай эканомікі Вальдэмара Паўляка ў Беларусь. Віцэ-прэм’ера Польшчы суправаджалі віцэ-міністры эканомікі, сельскай гаспадаркі і фінансаў. Віцэ-прэм’ер Паўляк сустрэўся з беларускім віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым. Вальдэмар Паўляк заявіў, што надышоў момант эканамічна адкрыцца для Беларусі.

Што далей

23 лютага ў Бруселі адбылося пасяджэнне Савета Еўрасаюза з удзелам міністраў замежных спраў 27 краінаў блоку. На ім абмяркоўваўся будучы старт «Усходняга партнёрства», якім Еўрасаюз хоча паглыбіць адносіны са сваімі ўсходнімі суседзямі.

Як зазначаюць у Бруселі, «Еўрасаюз хацеў бы, каб Беларусь удзельнічала ў гэтай праграме, аднак глыбіня гэтага ўдзелу будзе залежаць ад агульнага стану адносін Саюза і Беларусі, якія будуюцца, у прыватнасці, на базе істотнага прагрэсу ў галіне дэмакратызацыі, законнасці і выканання правоў чалавека ў Беларусі».

Кіраўнік знешняй палітыкі Еўрасаюза Хаўер Салана пасля візіту ў Беларусь выказаўся за паглыбленне адносін з Мінскам. Міністр замежных спраў Нямеччыны Франк Вальтэр Штайнмаер, які нядаўна сустракаўся з Сяргеем Мартынавым, заявіў, што падтрымлівае ўдзел Беларусі ў праграме «Усходняга партнёрства».

Пазіцыя вышэйшага кіраўніцтва Еўрасаюза паказвае, што яно не адмаўляецца ад сваіх раней высунутых дванаццаці ўмоў, але і не патрабуе іх неадкладнага выканання, вылучыўшы з іх пяць найбольш важных, аднак, зноў жа, не як абавязковых папярэдніх, а для пакрокавай, паступовай рэалізацыі.

Зразумела, што палітыкі і эксперты ЕС, тым больш пасля іх непасрэднага азнаямлення з сітуацыяй у Беларусі, ведаюць і пра разгоны вулічных акцый, і пра новыя палітычна матываваныя арышты, і пра сітуацыю са свабодай СМІ. Відавочна таксама, што ў краін ЕС, у палітыкаў пакуль няма адзінай пазіцыі, якую і імкнуцца выпрацаваць. Аднак відавочна і тое, што цяпер у якасці прыярытэтнай ім бачыцца задача далучыць Беларусь да Еўропы. Што эканамічныя інтарэсы бяруць верх. Што разгорнутая палітыка па ўцягванні Беларусі ў стасункі з ЕС — асэнсаваная і прадуманая. Што палітыка дыялогу і супрацоўніцтва ўяўляецца ім больш дзейсным рычагом для таго, каб у Беларусі пайшлі далейшыя перамены, у тым ліку і ў палітычнай сферы, чым папярэдняя палітыка ізаляцыі.

На фоне афіцыйных перамоў паміж ЕС і Беларуссю апазіцыя імкнецца знайсці сваё месца ў дыялогу і не застацца за бортам збліжэння з Еўропай, хаця Аляксандр Лукашэнка перыядычна ў сваіх спічах нагадвае, што пасярэднікаў бачыць не жадае. Палітыкі з апазіцыйнага блока ў цэлым заяўляюць, што ўхваляюць дыялог з Еўропай. Але з абавязковым выкананнем раней акрэсленых умоў аб зменах у сістэме палітычных і грамадзянскіх правоў.

Каментаваць