У Андрэя Бандарэнкі ўзніклі праблемы з перапіскай

У праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, які знаходзіцца ў магілёўскай турме №4, узніклі праблемы з перапіскай. Пра гэта ён паведаміў у лісце «Новаму Часу».



Фота svaboda.org


Як піша Бандарэнка, зараз ён знаходзіцца ў адзіночнай камеры «падалей ад іншых зняволеных». Па ягоным меркаванні, прычынай гэтага былі два лісты на імя жонкі Мікалая Статкевіча Марыны Адамовіч і на імя Міхаіла Пастухова. «У лісце Міхаілу Іванавічу я даў адзнаку дзейнасці маіх былых калегаў па праваабарончай арганізацыі «Платформа», падкрэсліўшы як фармалізм у здзяйсняемым імі маніторынгу месцаў пазбаўлення волі, так і сам факт выкарыстання імя «Платформы» ў Савеце ААН па правах чалавека вясною мінулага года», — напісаў вязень.

Пры гэтым Бандарэнка адзначыў, што пасля ягонага арышту і арышту заснавальніка «Платформы» Міхаіла Жамчужнага, змены ў палітыцы арганізацыі і рэжым «найбольшага спрыяння» арганізацыі з боку ўладаў выклікаюць «цалкам абгрунтаваныя сумненні ў бесстароннасці» кіраўніцтва «Платформы».

Гэты ліст турэмная цэнзура не прапусціла з прычыны наяўнасці ў ім «цынізму», піша Бандарэнка. З той жа прычыны «цынізму» не было прапушчанае і віншаванне Мікалаю Статкевічу і Марыне Адамовіч.

Апроч гэтага ён піша, што перасылка газет звычайным лістом у Магілёўскай турме не дазволена, нягледзячы на тое, што заканадаўства гэта не забараняе. Тым не менш, у выглядзе выключэння ён двойчы атрымліваў «Новы Час», але яго папярэдзілі пра асаблівасці перасылкі прэсы.

Бандарэнка паведамляе, што ў турме Магілёва ён будзе знаходзіцца да канца свайго тэрміна, што яго зусім не засмучае. «Тут нарэшце быў пакладзены канец гісторыі з Бабруйскімі правакацыямі і ўсімі «статусамі»… У выніку я зноўку ў прыемнай кампаніі з самім сабою. Умовы цалкам прымальныя: нармальны свет, паветра, цалкам нармальнае харчаванне. І адзіноцтва больш спрыяе да працы і самаадукацыі», — зазначае Бандарэнка.

Андрэй Бандарэнка быў стваральнікам і кіраўніком інфармацыйна-асветнай установы «Платформа» і культурна-асветнай установы «Платформ інавейшн», якія займаліся абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. 12 жніўня 2014 года ён быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі нібыта за хуліганства. У папраўчай калоніі № 2 Бабруйска ў яго ўзніклі сур'ёзныя канфлікты са зняволенымі, у сувязі з чым праваабаронцу перавялі ў Шклоў. Аднак і ў шклоўскай калоніі яму прысвоілі гэтак званы «нізкі статус». Бандарэнка неаднаразова прасіў адміністрацыю калоніі змясціць яго ў бяспечнае месца. Такім месцам, як правіла, быў штрафны ізалятар.

У Магілёўскую турму Андрэя Бандарэнку перавялі як злоснага парушальніка рэжыму на падставе рашэння суда Шклоўскага раёна ад 17 снежня 2015 года.

Каментаваць