У Бабруйску галадоўнікаў затрымала міліцыя, а ў журналістаў адабралі дакументы

Працаўнікоў Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў, якія распачалі сёння бестэрміновую галадоўку супраць свайго звальнення, затрымала міліцыя.



Галадоўнікі паведамілі Радыё Свабода, што цяпер іх вязуць у Гарадское ўпраўленне ўнутраных спраў.

Адзін з галадоўнікаў, Мікалай Жыбуль, апавёў, што акцыя пратэсту распачалася ў Бабруйску а 10 гадзіне, а ейныя ўдзельнікі сабраліся ля будынку Бабруйскага гарвыканкама ды чакалі сустрэчы з мэрам. «Сабраліся пакуль чацьвера галадоўнікаў. Яшчэ прыйдуць тыя, хто нам спачувае. Мы прапанавалі мэру сустрэцца, але пакуль адказу няма. Будзем глядзець, што будзе адбывацца. Пакуль галадоўкі спыняць не збіраемся », — заявіў Мікалай Жыбуль.

Яшчэ два працаўнікі абвясцілі аднадзённую галадоўку ў знак салідарнасці на заводзе.

Каля 12:30 усіх удзельнікаў галадоўкі ля гарвыканкаму ў Бабруйску затрымала міліцыя. Галадоўнікі паведамілі, што іх вязуць у Гарадское ўпраўленне ўнутраных справаў.

Тым часам Беларуская асацыяцыя журналістаў паведамляе, што ў двух тэлежурналістаў, якія запісвалі інтэрв’ю з галадоўнікамі ля прахадной Заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў, міліцыянты забралі дакументы.

Як распавёў прэс-службе ГА “БАЖ” адзін з журналістаў Вячаслаў Пяшко, супрацоўнікі міліцыі заявілі, што запіс адбываецца незаконна і адабралі ва ўсіх прысутных дакументы. Пасля гэтага міліцыянты пасадзілі прафсаюзнага актывіста да сябе ў машыну і загадалі журналістам на ўласным аўто рухацца за імі.

Праў некаторы час міліцэйская машына раптоўна набрала вялікую хуткасць адарвалася ад машыны журналістаў, з’ехаўшы з дакументамі і актывістам ў невядомым накірунку.

Журналісты ж прынялі рашэнне не парушаць хуткасны рэжым і ў дадзены час самастойна шукаюць міліцэйскае аддзяленне, каб вярнуць уласныя дакументы.

Каментаваць