У белай тозе і з каменем за пазухай

Палітыка высакароднасці афіцыйнага Мінска хутка трансфармавалася ў  сістэму ўмоў-патрабаванняў.



Палітыка высакароднасці афіцыйнага Мінска хутка трансфармавалася ў  сістэму ўмоў-патрабаванняў.

Аляксандр Лукашэнка тэму прытулку выгнанага і цяпер ужо былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева пачынаў артыкуляваць праз эмацыйныя вобразы “звычайнага дырэктара савецкага завода, нармальнага, разумнага і прыстойнага чалавека, ад якога ўсе адвярнуліся, і толькі Беларусь узяла на сябе смеласць не крыкнуць “ату!. Аднак рыторыка беларускага лідэра хутка змянілася, адлюстраваўшы пасыл не столькі гуманнасці, колькі палітычных намераў прадэманстраваць (у чарговы раз) амбіцыі самастойнасці і непадпарадкавання.

Пасля штогадовага Паслання Александра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу было сказана нямала слоў адносна таго, што цяпер у знешняй палітыцы Беларусі пачынаецца новая эра — самастойнасці і незалежнасці ад Расіі. Аднак варта нагадаць, што крытычныя выказванні ў адносінах да “вялікага ўсходняга брата агучваюцца як мінімум кожныя паўгода і ў выніку застаюцца ўсё тым жа механізмам маніпуляцый і ціску-супрацьвагі. Калі раней інструментам з’яўлялася транзітная інфраструктура Беларусі, то цяпер акцэнт робіцца на ваенным супрацоўніцтве. Мінулым летам падчас “малочных войнаў Лукашэнка заносіў у “ігнор удзел у мерапрыемствах АДКБ, а таксама адмовіўся падпісваць дакументы па КСАР (Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання). Тады аргументам быў эканамічны шантаж з боку Расіі.

Цяпер беларускі лідэр пагражае байкотам АДКБ з-за яго неэфектыўнай працы, і ўласна, неўмяшання гэтай структуры ў падзеі палітычнага перавароту ў Кыргызстане. “Што гэта за арганізацыя, якая маўчыць, калі ў адной з нашых краін льецца кроў? — абураўся Лукашэнка. — Калі АДКБ не змагла своечасова адрэагаваць і паўплываць на сітуацыю ў Кіргізіі, значыць, такая гэта арганізацыя. Калі і далей так будзе развівацца, то перспектыў яна не мае. Неактуальнасць удзелу ў працы АДКБ кіраўнік Беларусі прадэманстраваў сваёй заявай, што на нефармальны саміт у Маскву 8 мая ён можа не патрапіць, бо мусіць абавязкова быць на парадзе з нагоды Дня перамогі ў Мінску. “Быць па-за межамі Беларусі ў гэтыя дні для мяне непрымальна. Восьмым мая магу ахвяраваць дзеля АДКБ, але я не магу знаходзіцца ў Маскве больш трох чацвёртых дня і мушу вярнуцца ў Мінск, каб раніцай 9 мая прыняць удзел у парадзе, — расставіў прыярытэты Лукашэнка. Аналітык Раман Якаўлеўскі лічыць, што такія паводзіны — больш бравада, чым рэальнае адлюстраванне сілаў у АДКБ. “Я не думаю, што Лукашэнку дазволяць дыктаваць умовы па нарадзе дня, а з яго боку гэта прагучала менавіта як дыктат, — гаворыць Якаўлеўскі.

Увогуле, на пасяджэнні АДКБ можа адбыцца цікавая сітуацыя, калі за адным сталом збяруцца і лідэр Беларусі, які прыняў зрынутага кіраўніка Кыргызстана, і прадстаўнікі цяперашняга часовага ўрада гэтай краіны. Але, магчыма, некарэктная сустрэча і будзе адцягнутая ў часе. “Як будзе пачувацца Аляксандр Рыгоравіч у такой сітуацыі — яго асабістая справа. Пакуль не вядома, ці прыме ўдзел у саміце АДКБ дэлегацыя Кыргызстана. Дзмітрый Мядзведзеў раней заяўляў, што супрацоўніцтва і падтрымку Кыргызстан атрымае, калі будзе сфарміравана паўнавартасная ўлада, таму не выключаю, што бліжэйшыя сустрэчы пройдуць без кіргізскай дэлегацыі, — зазначае Раман Якаўлеўскі. — Што тычыцца закідаў Лукашэнкі аб недзеяздольнасці структуры АДКБ, то яны сур’ёзна не ўспрымаюцца яе сябрамі. Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання могуць умешвацца ў падзеі, калі мае месца знешняя пагроза. У Кыргызстане пераварот не быў вынікам умяшання знешніх сілаў, што і канстатавалі сябры АДКБ. Эксперт гаворыць, што агрэсіўная пазіцыя Лукашэнкі можа быць прадыктаваная ў тым ліку і дзеяннямі Масквы ў згаданым канфлікце: “Лукашэнку вельмі напалохалі паводзіны Масквы, якая хутка, незвычайна хутка, пайшла на кантакт і фактычна прызнала новую ўладу, а таксама экстрадзіравала былога міністра ўнутраных спраў Кыргызстана Кангантыева.

Вядома, што на Курманбека Бакіева, які, паводле апошняй інфармацыі, усё яшчэ знаходзіцца ў Мінску “па асабістым запрашэнні Лукашэнкі, заведзена крымінальная справа па двух артыкулах крымінальнага кодэкса — яго абвінавачваюць у арганізацыі забойстваў і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Фармальна існуюць падставы для яго экстрадыцыі, але юрыст Сяргей Леўшуноў падкрэслівае, што гэта — “выключна палітычная воля кіраўніцтва Беларусі: “Так, наша краіна мае пэўныя міжнародныя абавязальніцтвы, і калі Бакіеў будзе аб’яўлены ў міжнародны вышук, то, паводле логікі, мы будзем абавязаныя яго выдаць праваахоўным органам. Але Беларусь — незалежная дзяржава, і рашэнне аб экстрадыцыі будзе палітычным, а не юрыдычным. Таксама Беларусь можа не выдаваць Бакіева, калі дасць яму палітычны прытулак. Раней прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Беларусі Андрэй Савіных заяўляў, што працэдура экстрадыцыі — вельмі доўгая. “Думаю, калі яна і будзе распачатая, то ў выніку зацягнецца на пэўны час. І ўсё гэта, натуральна, не будзе спрыяць ні двухбаковым адносінам Беларусі і Расіі, ні сяброўству краіны ў АДКБ, — рэзюмуе Раман Якаўлеўскі.
 

Каментаваць