Масавыя зачысткі апазіцыянераў

Дзясяткі актывістаў атрымалі ад 10 да 25 сутак адміністратыўнага арышту. Такім чынам, перад пачаткам сусветнага хакейнага першынства краіна на пэўны перыяд увогуле можа застацца без апазіцыі.



Крыху статыстыкі. 5 мая суд Фрунзенскага раёна Мінска пакараў на 20 сутак адміністратыўнага арышту грамадзянскага актывіста Мікалая Дземідзенку. Міліцыянты Крук і Зянько кляліся, што маладзён адпраўляў малую патрэбу ў грамадскім месцы ды не рэагаваў на заўвагі прадстаўнікоў праваахоўных органаў. (Згадайце шматгадовай даўніны справу апазіцыянера Вячаслава Сіўчыка — першага “мачашчагася ў грамадскім месцы” апанента ўлады). 

У Гомелі асуджаны на 10 сутак арышту “за дробнае хуліганства”  актывіст зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронту” Андрусь Цянюта. Суд Ленінскага раёна сталіцы на 20 сутак накіраваў за краты актывіста Міхася Мускага. Тая ж структура ў асобе суддзі Міхаіла Хомы пакарала штрафам у 2 250 000 рублёў Змітра Камянецкага. І зноў-такі за “дробнае хуліганства”. 

Раней, 25 красавіка, да 25 сутак адміністрацыйнага арышту суддзя Юры Гарбатоўскі прыгаварыў лідара маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча па сукупнасці двух артыкулаў Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях — за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду і за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Надоечы нядаўняга палітзняволенага затрымалі наўпрост каля пад’езду ягонага дома, калі той вяртаўся дахаты з працы.  

Актывіст Максім Вінярскі правёў за кратамі 12 сутак, трымаючы галадоўку пратэсту з прычыны бязглуздага затрымання і суда над ім. “Гуманісты” ад праваахоўных органаў нават не дазволілі медыкам шпіталізаваць захварэлага на ангіну маладзёна, пасля чаго той і вырашыўся галадаваць.

Спіс затрыманых працягваюць Уладзімір Новікаў, Аляксандр Францкевіч, Леанід Смоўж, Юрась Рубцоў, Дзяніс Карноў, Мікола Колас, Алесь Стукін, Аляксандр Курбацкі, Сяргей Казакоў. Гэта тыя, пра каго стала вядома беларускім праваабаронцам. Не выключана, што колькасць  затрыманых большая.

Мы звязваем усе тыя рэчы, што адбываюцца апошнім часам, выключна з Чэмпіянатам свету па хакеі, — адзначае намеснік старшыні зліквідаванага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч. — Мы маем справу з класічным выпадкам адвольных затрыманняў, калі людзей затрымліваюць не ў сувязі са здзяйсненнем рэальных правапарушэнняў, а ў мэтах іх ізаляцыі. Прычым, па тэрмінах мы бачым, што для некаторых гэта доўгатэрміновая ізаляцыя — на ўвесь час правядзення чэмпіянату свету, і звязана яна выключна з прыналежнасцю людзей да тых ці іншых апазіцыйных груп ці рухаў. Мы ўжо праінфармавалі рабочую групу па адвольных затрыманнях Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, і найбліжэйшым часам мы будзем прымаць зварот ад беларускіх праваабарончых арганізацыяў да генеральнага пракурора з патрабаваннем даць прававую ацэнку усім гэтым з’явам, якія цяпер адбываюцца”.

Тое, што зараз супраць многіх актывістаў заводзяць адміністрацыйныя справы адразу па некалькіх артыкулах, юрыст звязвае з памкненнем уладаў ізаляваць актывістаў на як мага большы час. “Пры такім падыходзе з’яўляецца магчымасць арыштаваць чалавека максімум на 25 сутак, і тут відавочна бачны падыход, скіраваны на доўгатэрміновую ізаляцыю апазіцыянераў, бо чэмпіянат у нас з 9 да 26 мая, таму тут адразу патрабуецца вялікі запас часу”, — лічыць Валянцін Стэфановіч.     

Каментаваць