У Беларусі з'явілася настольная гульня ў гонар 500-годдзя Аршанскай бітвы

Вечарам 8 верасня, у Дзень беларускай вайсковай славы і 500-годдзя слаўнай перамогі войскаў ВКЛ і Польскай кароны над маскоўскімі захопнікамі ў бітве пад Оршай, у Мінску, у кнігарні “ЛогвінаЎ” адбылася прэзентацыя эпічнай беларускамоўнай настольнай гульні “1514”.



У камплект гульні, прызначанай для тых, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, і распрацаванай спецыялістамі сталічнай арт-студыі “PRAS” Аляксеем Кульбіцкім і Міколам Тамашэвічам, уваходзіць гульнявае поле памерам А2 (420×594 мм), шэсць фігурак пяхоты, артылерыі і кавалерыі (двух колераў — белага і чырвонага)), 60 дапаможных картак з вайсковымі задачамі, кубік для вызначэння руху і правілы.  

Аўтары гульні

Дызайн кожнага элементу гульні адпавядае гістарычным дакументам: на гульнявым полі, намаляваным згодна спадарожнікаваму здымку Крапівенскага поля,  адлюстраваны старажытны Аршанскі замак, селішчы, млыны і вайсковыя намётавыя лагеры пачатку XVI стагоддзя, а на вокладцы і картках — чарцяжы вайсковага ўзбраення позняга сярэднявечча.

Гульцы дзеляцца па камандах у цотнай колькасці (да 6 чалавек) і вызначаюць, хто будзе літвінам, а хто маскоўцам. Затым кожны гулец каманды атрымлівае па адной з трох фігурак пяхоты, артылерыі і кавалерыі (свайго колеру), і кідае па чарзе кубік з лічбамі, што вызначаюць працягласць ходу. Калі фігурка спынілася на чырвоным крузе, гулец атрымлівае чырвоную картку (якая спрыяе), калі на чорным — чорную (што замінае), а далей выконвае адпаведную задачу, пазначаную ў картцы.

У выпадку, калі фігурка спынілася на крузе, дзе ўжо стаіць фігурка суперніка, адбываецца “бой”, і фігурка суперніка, як абаронца, адыходзіць на адзін крок назад — бліжэй да свайго лагеру.

 

Задачы, якія прапануецца выканаць, маюць гістарычны падтэкст і змяшчаюць у сабе інфармацыю, што грунтуецца на рэальных забабонах, падзеях і асаблівасцях вайсковай справы сярэднявечча Усходняй Еўропы, але без указання асобаў і месцаў з мэтай зрабіць гульню больш універсальнай.

Падчас прэзентацыі жадаючыя змаглі паспрабаваць свае сілы ў новай гульні і паглядзець двубой рыцараў з рыштункам і зброяй позняга сярэднявечча. Дарэчы, рыцараў прадставілі ветэранамі маскоўска-літоўскай вайны 1512–1522 гадоў, якія дажылі да сёння і прыйшлі не толькі святкаваць юбілей бітвы, але і бараніць ўдзельнікаў свята “ад усялякіх злыдняў”.   

Гульню можна набыць у кнігарні “ЛігвінаЎ” і замовіць поштаю ў любую кропку Беларусі на сайце symbal.by.

Гэтая ўжо трэцяя па ліку беларускамоўная настольная гульня, створаная ў краіне, пабачыла свет пры падтрымцы грамадскага агенцтва “Арт-сядзіба”.

Фота аўтара

Каментаваць