У бліжэйшы час сітуацыя вакол Курапат можа абвастрыцца

Да такой высновы прыйшлі сябры грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла Курапаты» па выніках чарговага пасяджэння , якое адбылося вечарам 4 ліпеня ў Мінску.



Сярод абставінаў, якія выклікалі заклапочанасць сябраў ініцыятывы, былі названыя мажлівае захаванне чатырох домікаў рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» у ахоўнай зоне Курапатаў у сувязі з нібыта няправільным вымярэннем адлегласці паміж гэтымі будынкамі і мяжой помніка; планы пабудовы на заходнім баку ўрочышча (паміж «Бульбаш-холам» і Курапатамі) стаянкі для эскурсійных аўтобусаў, а таксама запланаванае пашырэнне шашы Заслаўе-Калодзішчы.

 

Але галоўную занепакоенасць, як адзначалася на пасяджэнні, выклікае распрацоўка КУП «Мінскграда» праекту дэтальнага планавання (ПДП) тэрыторыі і наваколля ўрочышча. Праца над праектам павінна быць завершана праз месяц.
 

Справа ў тым, што ініцыятыва «За ўратаванне мемарыяла “Курапаты”» яшчэ ў 2002 годзе распрацавала «Канцэпцыю мемарыяла ахвяраў палітычных рэпрэсій “Курапаты”», падпісаную 14 грамадскімі аб'яднаннямі краіны. Галоўная ідэя канцэпцыі: мемарыял павінен засведчыць асуджэнне сталінскай палітыкі генацыду.

 

У аснову канцэпцыі была пакладзена ідэя «народнага матэрыялу» «Курапаты – лес  крыжоў», распрацаваная Зянонам Пазьняком, якая цалкам сябе апраўдала. Канцэпцыя прадугледжвае, між іншым, захаванне больш за 500 западзін – мяркуемых пахаванняў, Крыжа Пакуты і памятных знакаў ушанавання бязвінна палеглых. Прычым мастацкае ўвасабленне мемарыялу павінна выключаць гігантаманію і быць прымальным для вернікаў розных канфесій.

 

Менавіта гэтая канцэпцыя можа стаць асноваю для конкурсу на лепшы праект мемарыяла. Тым больш, што на такі конкурс, які ўпершыню праводзіўся ў 1993 годзе (старшыня журы – народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч) было пададзена больш за 50 праектаў. Дарэчы, цікавы праект мемарыялізацыі ўрочышча падрыхтавалі спецыялісты сталічнага УП «Праектрэстаўрацыя» Вольга Кукуня і Таццяна Косціч. Менавіта яны прапанавалі для ўвекавечвання памяці ахвяраў сталінізму выкарыстаць гістарычную дарогу (на полі памж Курапатамі і вуліцай імя Пятра Мірашнічэнкі), па якой ў даваенныя гады ў «чорных варанках» вазілі людзей на расстрэл з Мінска ва ўрочышча.

 

Удзельнікі пасяджэння вырашылі, што грамадства, якое на працягу 25 гадоў даглядала і ахоўвала Курапаты, будзе дабівацца таго, каб ПДП адпавядаў «Канцэпцыі мемарыяла ахвяраў палітычных рэпрэсій “Курапаты”».
 

Дзеля гэтага сябры ініцыятывы будуць адсочваць інфармацыю пра пачатак грамадскага абмеркаванныя праекта і запрашаць архітэктараў для правядзення прафесійнай незалежнай экспертызы ПДП.  
   

Акрамя таго, вырашана накіраваць ліст ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў сувязі з тым, што айчыннае заканадаўства не прадугледжвае забароны камерцыйнай дзейнасці каля аб’ектаў кшталту Курапатаў.
 

Каардынатар ініцыятывы Ганна Шапуцька адзначыла, што па меры неабходнасці па ўзнятых праблемах будуць праводзіцца прэсавыя канферэнцыі і круглыя сталы.
 

Яна запрасіла да талакі ва ўрочышчы, якая праводзіцца кожны аўторак з 17.00 да 20.00, лідараў і сябраў партый, грамадскіх аб’яднанняў, рухаў і ініцыятываў, а таксама прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.  
 

Былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі адзначыў, што на наступную талаку, якая адбудзецца 9 ліпеня а 17.00, запрошаны галоўны рэдактар газеты  «Народная воля»  Іосіф Сярэдзіч. «Яму мы распавядзем пра хаду талакі і сітуацыю вакол урочышча», - сказаў Раманоўскі.

Каментаваць