У чаканні хакею

Варта было звярнуць кіраўніку дзяржавы ўвагу на адукацыю і ўнутраны рынак, як на гэта імкліва адрэагавалі адпаведныя органы. Канешне, тут яшчэ спрацаваў і Чэмпіянат свету па хакеі, якога краіна чакае, затаіўшы дыханне.



Зразумела ж, гэтае свята не абыходзіцца без піва. «Крыніца», «Аліварыя», «Лідскае піва» чакаюць звышпрыбыткаў, бо і надвор’е спрыяе. А тут яшчэ і ўрад паклапаціўся. Беларусь уводзіць ліцэнзаванне імпарту піва з-за межаў Мытнага саюза. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў №365 ад 18 красавіка 2014 года. Ліцэнзаванне піва ўводзіцца на паўгода — з 1 мая да 31 кастрычніка 2014 года.

Згодна з дакументам, імпарт безалкагольнага і соладавага піва будзе ажыццяўляцца па разавых ліцэнзіях. Выдаваць іх будзе Міністэрства гандлю па ўзгадненні з канцэрнам «Белдзяржхарчпрам».

З 1 па 9 мая, да пачатку чэмпіянату, наўрад ці імпарцёры здолеюць атрымаць на піва новыя ліцэнзіі, а рэшты запасаў імгненна скончацца. Так што заўзятарам хакею давядзецца «пацягваць беларускае». Асабліва добра тут выглядае Лідскі піўзавод, ці не адзіны ў краіне, які стварае безалкагольную «нулёвачку». Таму тым, хто не ўжывае алкаголю, але піва любіць «за кампанію», давядзецца набываць лідскае. Яно хаця б лепш за «нулёвую» «Балтыку», што ў межах Мытнага саюза, але крыху горш за безалкагольную «Абалонь», што не ўваходзіць у МС.

Мы звыклі і да таго, што кожны месяц у Беларусі даражэюць цыгарэты. Але сёлетні май стане нязвыклым выключэннем — з 1 мая некаторыя маркі цыгарэтаў, наадварот, патаннеюць. На сайце Міністэрства па падатках і зборах Беларусі размешчана інфармацыя аб рознічных цэнах на цыгарэты з 1 мая 2014 года. На 20,5% патаннеюць цыгарэты «Style Black» і «Style Pink» да 7 950 рублёў. На 24,3% да 7 950 зніжаны кошты на «West Compact».

Але падаражэюць іншыя маркі беларускай вытворчасці. Так, самы пралетарскі «Фэст» будзе каштаваць 6 300, «Pall Mall Premium» — 10 950. Акрамя таго, павялічаны цэны на шэраг імпартуемых марак цыгарэт: да 19 500 падаражэе «Davidoff», да 15 500 — «Davidoff King Size Superslims», да 25 000 — «Richmond», да 21 500 — «Aroma».

Лукашэнка неаднаразова сцвярджаў, што бяспека падчас ЧМ па хакеі — галоўнае. Таму з 25 красавіка па 31 мая 2014 года запрацуе спецыяльна створаны міжведамасны аператыўна-сітуацыйны штаб Мінска — адзіны міжведамасны орган па пытаннях кіравання сіламі і сродкамі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, якія былі задзейнічаныя ў вырашэнні задач па забеспячэнні бяспекі чэмпіянату.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, вызначаны парадак фармавання міжведамасных рабочых груп на аб’ектах чэмпіянату, а таксама ведамасных аператыўных груп ва ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органах, якія ў межах кампетэнцыі будуць ажыццяўляць кругласутачны маніторынг сітуацыі і, у выпадку неабходнасці, прымаць рашэнні па яе стабілізацыі.

Дзеля «стабілізацыі» сітуацыі некаторыя захады міліцыя прыняла ўжо зараз. Напрыклад, вядомы «бунтар» Максім Вінярскі выходзіў з гандлёвага цэнтру «Карона». Яго спынілі супрацоўнікі міліцыі і сказалі, што ён «падобны на злачынцу». Што з гэтым трэба рабіць? Высветліць асобу ды адпусціць. Аднак на актывіста складаюць пратакол за непадпарадкаванне міліцыі і саджаюць на 12 сутак. Адзін з заяўнікаў «Чарнобыльскага шляху» Ілля Дабратвор вёз у машыне каля 30 бел-чырвона-белых і ўкраінскіх сцягоў. Яго спынілі па падазрэнні ва ўгоне аўтамабіля, а ў выніку — пратаколы за тое ж непадпарадкаванне, «дробнае хуліганства», і 10 сутак арышту.

Падобна на тое, што «зачыстка ўсяго апазіцыйнага» напярэдадні ЧМ па хакеі пачалася занадта рана. Але мы памятаем і прыклад Івана Амельчанкі, які спачатку быў асуджаны на 15 сутак арышту, а потым, не выходзячы з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, яшчэ на 10. Такім чынам можна перасаджаць процьму народу!

Але з чэмпіянатам ці без яго — жыццё ідзе сваім ходам. І для некаторых гэта — вельмі важны і адказны перыяд. Міністэрства адукацыі ўжо вызначыла, хто здолее патрапіць у ВНУ. Прынамсі, вызначаны адзнакі, якія будуць прыраўноўвацца да нездавальняючых па выніках цэнтралізаванага тэставання ў гэтым годзе.

Устаноўлена, што для асоб, якія паступаюць для атрымання вышэйшай адукацыі, адзнакамі па вучэбных прадметах, прыраўноўваецца да нездавальняючых па выніках ЦТ, у балах па стобальнай шкале ад 0 да 100 балаў (уключна), з'яўляюцца: ад 0 да 9 балаў (уключна) — па рускай і беларускай мовах; ад 0 да 14 балаў (уключна) — па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі; ад 0 да 19 балаў (уключна) — па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўству, геаграфіі, замежных мовах (англійская, нямецкая, французская, іспанская).

Для асоб, якія паступаюць для атрымання вышэйшай адукацыі ў вочнай (дзённай) форме навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту пры ажыццяўленні дадатковага набору на месцы, што засталіся вакантнымі пасля залічэння абітурыентаў, такімі адзнакамі з’яўляюцца: ад 0 да 4 балаў (уключна) — па рускай і беларускай мовах; ад 0 да 9 балаў (уключна) — па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі; ад 0 да 14 балаў (уключна) — па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўству, геаграфіі, замежных мовах.

Падаецца, што такі разлік нездавальняючых адзнакаў разлічаны выключна на шчырых дэбілаў. Бо не набраць па рускай альбо беларускай мове 5 балаў з магчымых 100 могуць толькі людзі, якія зусім не ўмеюць пісаць і чытаць.

З аднаго боку, шкада выкладчыкаў ВНУ, якія будуць навучаць такіх асобаў. Бо чалавек, які не вывучыў мову ў школе, наўрад ці паддаецца далейшаму навучанню. Але, з іншага, наша Мінадукацыі можа цалкам ганарыцца: ніхто не скажа, што ў нас вышэйшая адукацыя недаступная. Яна даступная нават шчырым двоечнікам (калі, канешне, будзе глабальны недабор нармальных вучняў).

Так што маладзёнам трэба вызначацца: альбо вучоба, альбо хакей. 

Каментаваць