У цэнтры Мінска прайшла акцыя супраць насілля з боку супрацоўнікаў міліцыі

Каля будынка Вярхоўнага суда ў цэнтры Мінска 30 студзеня прайшла акцыя салідарнасці са збітымі ў Фрунзенскім судзе сталіцы грамадскімі актывістамі і журналістам партала tut.by, а таксама супраць насілля ў дачыненні да грамадзян з боку супрацоўнікаў міліцыі.



belsat.eu


Нагадаем, 25 студзеня ў памяшканні Фрунзенскага суда Мінска, дзе ў гэты дзень пачаўся працэс па рэзананснай "справе графіцістаў", адбыўся інцыдэнт, падчас якога супрацоўнікі АМАПа збілі журналіста партала tut.by Паўла Дабравольскага і грамадскіх актывістаў Максіма Шыціка і Паўла Сяргея. Усе яны затым былі аштрафаваныя судом.

У акцыі, якая доўжылася прыкладна 25 хвілін, узялі ўдзел каля паўтары дзясяткаў чалавек. Пры гэтым колькасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і журналістаў фактычна ўдвая перавышала колькасць дэманстрантаў.

У акцыі ўдзельнічаў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні руху салідарнасці "Разам" Алесь Макаеў, грамадскія актывісты Леанід Кулакоў, Максім Вінярскі, Ніна Багінская, Мікалай Казлоў і іншыя.

Дэманстранты разгарнулі плакаты "Есці людзей нельга, а біць можна ?!", "Спынім мянтоўскае бязмежжа!", "Ілжэсведчанне — злачынства" і іншыя.

У гутарцы з журналістамі Анатоль Лябедзька заявіў, што ўдзельнікі акцыі сабраліся, каб "сказаць не насіллю, якое адбываецца ў дачыненні да грамадзян Беларусі". Палітык адзначыў, што інцыдэнт у Фрунзенскім судзе атрымаў грамадскі рэзананс, таму што быў збіты журналіст. Аднак, паводле яго слоў, такія факты адбываюцца паўсюдна, але не становяцца здабыткам галоснасці.

Лябедзька звярнуўся да ўдзельнікаў акцыі, заявіўшы, што ў краіне "ёсць будынак з таблічкай "Вярхоўны суд", але няма судовай сістэмы". У судах, паводле яго слоў, "ёсць пакоі для катаванняў". Акрамя таго, заявіў ён, "у Беларусі амапавец важнейшы, чым прафесар, настаўнік".

Лідар АГП усклаў адказнасць за факты збівання міліцыянерамі грамадзян не толькі на прадстаўнікоў дзейнай праваахоўнай сістэмы, але і на таго, хто яе стварыў, — Аляксандра Лукашэнку. "Менавіта пры Лукашэнку на сілавыя структуры сталі траціць больш сродкаў, чым на медыцыну і адукацыю", — заявіў ён.

Лябедзька заклікаў грамадзян "да салідарнасці, а таксама да адстойвання не толькі інтарэсаў сваіх сацыяльных груп".

Алесь Макаеў у сваю чаргу таксама заявіў аб недапушчальнасці прымянення насілля ў дачыненні да ўсіх грамадзян, нават тых, што парушаюць законы. Пры гэтым ён лічыць, што "заклікаць да сумлення міліцыі не мае сэнсу". "Усё гэта мы гаворым для саміх жыхароў Беларусі, каб была салідарнасць", — сказаў ён.

У канцы акцыі яе ўдзельнікі выстраіліся з плакатамі ўздоўж вуліцы Леніна.

Падчас акцыі ніхто затрыманы не быў. Некалькі супрацоўнікаў міліцыі ў форме склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да як мінімум сямі чалавек — Анатоля Лябедзькі, Алеся Макаева, Вольгі Маёравай, Мікалая Казлова, Святланы Якшынай, Дзяніса Красачкі, Максіма Вінярскага. Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным перапісалі дадзеныя пасведчанняў журналістаў, якія працавалі на акцыі.

Паводле: БелаПАН

Абмеркаванне:

  • snap
  • 2016-01-30 17:58:08
*ГВАЛТУ!!! Якога яшчэ "насілля"?
  • Philip
  • 2016-01-30 18:53:39
У беларускай мове суіснуюць (і суіснавалі) два варыянты: гвалт і насілле.
  • ales'
  • 2016-01-30 20:41:23
дзякуй таварышчу Балабе што у выходны дзень прывёў сваіх галаварэзаў прабачце тэатралаў на пікет супраць" ментаўскога гвалту" ! (тэатралаў выло удвая больш чым пікетоўцаў )

Каментаваць