У Чарнагорыю пусцяць не ўсіх

Да абмежавальных мер Еўрасаюза ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў далучыліся восем трэціх краін, паведаміла 11 мая прэс-служба Савета ЕС.

Да абмежавальных мер Еўрасаюза ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў далучыліся восем трэціх краін, паведаміла 11 мая прэс-служба Савета ЕС.

Еўрасаюз вітаў гэта рашэнне Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Ісландыі, Ліхтэнштэйна, Македоніі, Нарвегіі, Харватыі і Чарнагорыі. Краіны далучыліся да рашэння Савета ЕС ад 15 снежня 2009 года, калі ў ходзе тэхнічнай працэдуры да 31 кастрычніка 2010 года была прадоўжана забарона на ўезд у краіны ЕС 41 беларускаму чыноўніку. Да гэтай жа даты было прадоўжана прыпыненне санкцый у дачыненні да ўсіх, акрамя пяці, прадстаўнікоў афіцыйнага Мінска. Пасля заканчэння гэтага перыяду пытанне пра санкцыі будзе разгледжана з улікам сітуацыі ў Беларусі.

Нагадаем, спіс неўязных быў адкрыты ў 2004 годзе, туды трапілі чатыры падазроныя ў дачыненні да палітычных знікненняў у 1999–2000 гадах — экс-міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, былы дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, былы кіраўнік МУС Юрый Сівакоў і былы камандзір брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка.

Пасля парламенцкіх выбараў у снежні 2004 года спіс быў пашыраны за кошт кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, а таксама Юрыя Падабеда, які тады ўзначальваў полк міліцыі спецыяльнага прызначэння.

У красавіку 2006 года спіс быў пашыраны да 37 чалавек, адказных, на думку ЕС, за парушэнне правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. У яго былі ўключаны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, на той момант кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Генадзь Нявыглас, яго намеснікі Наталля Пяткевіч і Анатоль Рубінаў, міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, экс-міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч, міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, былы старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў, член Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец.

У кастрычніку 2006 года спіс павялічыўся да 41 чалавека: неўязнымі сталі суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Аляксей Рыбакоў і дзяржабвінаваўца Сяргей Бортнік — за прыгавор экс-кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Казуліну, а таксама суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Леанід Ясіновіч і дзяржабвінаваўца Андрэй Мігун — за прыгавор актывістам незарэгістраванай арганізацыі «Партнёрства».

У кастрычніку 2008 года ЕС вырашыў часова прыпыніць санкцыі ў дачыненні да 36 чыноўнікаў. У спісе неўязных засталіся Ярмошына, Навумаў, Шэйман, Сівакоў і Паўлічэнка.

Паводле БелаПАН

Каментаваць