У ценю малодшага брата

Віктар Каліноўскі не стаў легендай сам, затое спрычыніўся да яе стварэння. Хто ведае, магчыма, калі б не заўчасная смерць, менавіта ён стаў бы на чале паўстання ў Беларусі, а Кастусь — ягоным найбліжэйшым паплечнікам і правай рукой.



Магіла Віктара Каліноўскага


Калі размова заходзіць аб Паўстанні 1863–1864 гадоў, першая асоба, якая згадваецца, — Кастусь Каліноўскі. Нездарма для нас, беларусаў, яно даўно стала «Паўстаннем Каліноўскага».

 

«Адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў; рэвалюцыянер-дэмакрат, публіцыст, паэт…» Але мала хто задумваўся, чаму Канстанцін Каліноўскі стаў менавіта такім? Каго капіяваў Кастусь? Чым альбо кім ён натхняўся?

 

Сям’я Каліноўскіх была шматдзетнай. Пасля смерці першай жонкі, бацька Канстанціна Сымон Каліноўскі ажаніўся другі раз. Мачысе не было аніякай справы да дзяцей ад першага шлюбу Сымона, ды і бацька цікавіўся больш сваімі ткацкімі мануфактурамі. Ролю выхавацеля для маленькага Кастуся ўзяў на сябе старэйшы брат — Віктар Атан, старэйшы за будучага лідара паўстання на 5 гадоў.

 

Пра жыццё Віктара Каліноўскага вядома няшмат, яго асобе прысвечана ўсяго некалькі артыкулаў. Найбуйнейшы належыць Вячаславу Шалькевічу.

 

Віктар нарадзіўся 9 (21) красавіка 1833 года там жа, дзе і Кастусь, — у Мастаўлянах (памежная вёсачка, зараз на тэрыторыі Польшчы). З 1841 па 1851 гады вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, якую пасля скончыў і малодшы брат. У 1852 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Пасля — у Пецярбургу.

 

Медыцынская асвета не замінала Віктару цікавіцца гісторыяй: па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі ён працаваў у Імператарскай публічнай бібліятэцы, адшукваў старадаўнія дакументы па гісторыі сваёй Бацькаўшчыны. Любоў да гісторыі і, верагодна, сваё бачанне, ён перадасць малодшаму брату.

 

У 1858–1862 гадах Віктар быў адным з кіраўнікоў нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі, якую складалі выхадцы з былой Рэчы Паспалітай у Пецярбургу. Ягоная падпольная дзейнасць сягала ад распаўсюду літаратуры сярод студэнтаў да непасрэднай вярбоўкі кадраў. Такім чынам, Віктар не быў, як часам падаецца, усяго толькі хваравітым кабінетным тэарэтыкам. За тое, што ён рабіў на практыцы, у тыя часы можна было лёгка апынуцца ў Сібіры...

 

У канцы 1850-х Віктар Каліноўскі працаваў у бібліятэцы Асалінскіх у Львове, у сценах якой фактычна пачалося нацыянальнае адраджэнне Галіччыны (з удзелам Шашкевіча, Вагілевіча і інш.). Віктар, у прыватнасці, дапамагаў супрацоўніку бібліятэкі, а пасля яе дырэктару Бялеўскаму (удзельніку Паўстання 1831 года) у выданні спадчыны гетмана Станіслава Жалкеўскага, навуковай працы «Monumenta Poloniae Historica».

 

Цягам працы ў Публічнай бібліятэцы ён складаў генеалагічныя даведкі для прыватных замоўнікаў, даследаваў гісторыю Кароны і ВКЛ, а таксама сялянскія бунты на гэтых землях. Не выпадковым падаецца тое, што Віктар падрыхтаваў да друку манаграфію «Уманская разня» (па-руску) пра паўстанне ў 1768 годзе сялян у г. Умань. Гэта акурат тое паўстанне, што апісаў апальны на той час Шаўчэнка ў сваіх «Гайдамаках». Так Віктар выкарыстоўваў гістарычны досвед суседняга народу для выпрацоўкі сваёй нацыянальнай канцэпцыі і тактыкі барацьбы.

 

Складальнік кніжных каталогаў, даследчык рукапісаў і фаліянтаў з часоў Вялікага Княства, адзін з аўтараў штодзённай польскамоўнай газеты «Słowo», якая выдавалася ў Пецярбургу і фактычна працавала на будучыя кадры Паўстання.

 

Увосень 1862 года Віктар захварэў на сухоты, з’ехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні, дзе напрыканцы кастрычніка і перарвалася ягонае кароткае жыццё. Ужо існавала Гродзенская рэвалюцыйная арганізацыя, друкавалася і разыходзілася «Мужыцкая Праўда», у фальварках ды маёнтках употай нарыхтоўвалася зброя, але ў 32 гады яго жыццё абарвала хвароба.

 

Віктар не дажыў да выбуху паўстання некалькі месяцаў, тым не менш, можна лічыць, прыняў у ім непасрэдны ўдзел. І няхай ягоныя рукі не сціскалі шаблі, ногі не тапталі эшафот, а імя не ўпрыгожыла падручнікі па гісторыі, увесь гэты шлях ён прайшоў праз асобу малодшага брата — Кастуся. Менавіта ён распавядаў падлетку пра рэвалюцыю ды прагрэс, падчас сваіх паездак да бацькоў у Якушоўку. Ён прывёў юнака ў расійскі рэвалюцыйны гурток у Пецярбурзе. Ён навучыў Кастуся любові да сваёй гісторыі і народу, які падымаў галаву на тле еўрапейскага нацыянальнага абуджэння.

 

Хто ведае, магчыма, калі б старэйшы брат працягваў жыць, менавіта ён стаў бы на чале паўстання ў Беларусі, а Кастусь стаўся б ягоным найбліжэйшым паплечнікам і правай рукой. Дый паўстанне магло б выглядаць інакш: Віктар быў значна больш разважлівым і спакойным, чым няўрымслівы халерык Канстанцін. Магчыма, гэта нагадвала б дуэт Бандэры з Шухевічам: палітыка-ідэолага з практыкам-паўстанцам. Магчыма, якасцяў Віктара акурат і не хапіла паўстанцам для перамогі…

 

У канцы жніўня 1864 года, праз некалькі месяцаў пасля гібелі Кастуся, у Гродна з Вільні прыходзіць ліст, у якім настойліва патрабуюцца звесткі аб месцы ды сведках пахавання Віктара Каліноўскага. Такіх дадзеных гродзенскія губернскія службоўцы даць не змаглі. Таму ў хуткім часе ў Свіслач едзе прадстаўнік следчай камісіі, каб пацвердзіць факт смерці Віктара Атана. Толькі пасля знаходкі магілы і чалавека, які яго непасрэдна хаваў, следства па справе Віктара лічыцца скончаным.

 

Следчыя наўрад ці маглі сабе ўявіць, што магіла брата кіраўніка паўстання, якую яны знайшлі, але не палічылі патрэбным знішчаць, стане сімвалам для нашчадкаў інсургентаў, і праз паўтара стагоддзі штогод напрыканцы кастрычніка, нягледзячы на дождж, холад і забароны з боку такіх жа беларусаў, але ў форме, на яе будуць прыходзіць людзі з кветкамі і знічамі.

 

Каліноўскія, Луцкевічы, Гарэцкія… Праз праклёны і ману хай гэтыя імёны вечна ззяюць на небасхіле Беларускага Нацыянальнага Руху!

Каментаваць