У дэпутаты — па размеркаванні

Здавалася б, сістэма адсеву кандыдатаў і працэдуры галасавання даўно адладжаная. Да таго, што нават сябры камісій не ведаюць, як прагаласавалі людзі. Але тое, што мы бачым зараз…



Зараз увогуле рэалізуецца варыянт: ты не прагаласуеш «няправільна», нават калі вельмі гэтага захочаш.

Цэнтрвыбаркам скончыў рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Вынікі — надзвычай цікавыя. Усяго ў Беларусі 18 816 выбарчых акругаў. На іх зарэгістравана 22 338 кандыдатаў. Гэта значыць, што сярэдні конкурс на дэпутацкае месца — 1,2 чалавекі. Вялікі конкурс у Мінску — 3,5 чалавекі на месца. Як падлічылі праваабаронцы, выбары будуць безальтэрнатыўнымі ў 90% акругах. То бок, фактычна па ўсёй Беларусі.

Нідзе ў краіне няма такога, каб на акрузе не было ніводнага кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў. Такое можа быць толькі ў двух выпадках. Выпадак першы — нерэальны. Гэта калі ўсе 22 тысячы кандыдатаў сабраліся недзе разам і «падзялілі» паміж сабой акругі, каб адзін аднаму не перашкаджаць. А каб была бачнасць дэмакратыі, стварылі «конкурс у Мінску». Але пра такі схадняк кандыдатаў грамадства б даведалася. Дый не можа быць такога сцэнару, бо не змаглі б паміж сабою дамовіцца найперш прадстаўнікі апазіцыі. Да прыкладу, па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе, дзе ў 2012 годзе праваліліся выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў, паўторныя выбары ў ППНС праходзяць зараз. На гэтую пачэсную пасаду прэтэндавалі 7 чалавек, з іх трое — кандыдаты ад апазіцыі. Пасля рэгістрацыі засталося пяцёра, з іх — двое апазіцыянераў. Калі ўжо на адной акрузе апазіцыя не здолела дамовіцца аб адным дэмакратычным кандыдаце, дык што казаць пра ўсю краіну?

І выпадак другі — больш рэальны: вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты кіраваліся з адзінага «цэнтру», які сам абіраў кандыдатаў, патрэбных рэгістраваў, а непатрэбных выкрэсліваў. У гэтым «цэнтры» ўсё і было размеркавана так, каб на кожнай акрузе абавязкова быў кандыдат, і нідзе б не было «правалу».

Ёсць і яшчэ цікавыя лічбы. Так, колькасць адмоў у рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты ў Мінскі гарсавет склала 25,6%, у саветы раённага ўзроўню — 1,9%, у сельскія Саветы — 0,2%. Гэта значыць, што дасведчаныя ў зборы подпісаў і вопытныя ў палітычных баталіях сталічныя партыйцы і актывісты пры падачы дакументаў памыляліся як мінімум у 15 разоў больш, чым кандыдаты ў дэпутаты саветаў ніжэйшага ўзроўню. Атрымліваецца, што ў сталіцы людзі, прайшоўшыя не адну палітычную кампанію, аказваюцца менш дасведчанымі ў выбарчых працэдурах, чым кандыдаты ў глыбінцы.

Праваабаронцы лічаць, што пры рэгістрацыі кандыдатаў выбарчыя камісіі «селектыўна» падыходзілі да кандыдатаў у дэпутаты і рабілі кандыдатамі тых, на каго з невядомага «цэнтру» паступіла «размеркаванне».

Даходзіла нават да анекдотаў. Згодна з новымі зменамі ў Выбарчы кодэкс, кандыдат у дэпутаты павінен прадаставіць сертыфікат аб адукацыі альбо пацвердзіць профіль працы. Напрыклад, калі вы напісалі, што вы палітычны аналітык, вы павінны альбо працаваць у гэтай якасці, альбо прадставіць у камісію адпаведны дыплом аб адукацыі. Аднаму з прэтэндэнтаў кампаніі «Гавары праўду!» было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты з-за таго, што ён прадставіў у камісію дыплом аб заканчэнні нямецкага ўніверсітэта. Ці то ў камісіі нямецкай мовы не зразумелі, ці то ў нас сапраўднымі з’яўляюцца толькі «айчынныя» дыпломы. Але факт застаецца фактам.

Камісіі таксама памыляюцца. Глыбоцкага актывіста Яраслава Берніковіча зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты. Але потым яму пазванілі з камісіі, папрасілі прыйсці наноў і адабралі кандыдацкае пасведчанне — маўляў, выбачай, насамрэч цябе не зарэгістравалі…

Дарэчы, яшчэ яскравы факт ад таго ж Берніковіча пра тых, хто кіраваў працэсам рэгістрацыі і будзе кіраваць выбарамі. Паводле ягонай інфармацыі, з апошніх выбараў шмат сяброў тых самых выбарчых камісій сышлі на пенсію і спакойна сабе адпачывалі. Але напрэдадні мясцовай кампаніі яны былі тэрмінова «адазваныя з пенсій». Гэта значыць, уладзе спатрэбіліся правераныя кадры.

І яшчэ — працэнт нерэгістрацыі апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Агулам, з тых, хто вылучаўся шляхам збору подпісаў, не зарэгістравалі толькі 2%. Але ў аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» працэнт нерэгістрацыі складае 68%, Руху «За Свабоду» — 57%, кампаніі «Гавары праўду!» — 78%. То бок, фактычна выкрэсліваліся ўсе тыя, хто сапраўды меў намер змагацца калі не за дэпутацкія мандаты, дык хаця б за прыхільнасць выбрашчыкаў.

То бок, ужо на этапе рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ўлада пазбавіла беларусаў права выбару. Бо не назавеш жа выбарамі выбар аднаго чалавека — без альтэрнатывы. А безальтэрнатыўных акругаў, нагадаю, у Беларусі будзе 90%.

Канешне, мясцовыя выбары не карыстаюцца вялікай увагай  насельніцтва. Мясцовыя дэпутаты не маюць выразных паўнамоцтваў, каб нешта палепшыць альбо нешта вырашыць. І калі б улада скасавала гэтыя саветы, то ніхто б гэтага і не заўважыў.

Але тут — справа прынцыпу. Калі ўжо гэтае дзейства завецца «выбарамі», дык народу павінен быць прадстаўлены хаця б мінімальны выбар. «Выбары» ж з адным загадзя вызначаным кандыдатам ператвараюцца ў «вырабы».

Каментаваць