У Гомелі адбылася трэцяя экскурсія цыкла "Горад, які знікае"

Гомельская маладзёжная краязнаўчая грамадская арганізацыя "Талака" 29 мая правяла трэцюю экскурсію цыкла "Горад, які знікае".



Гомельская маладзёжная краязнаўчая грамадская арганізацыя "Талака" 29 мая правяла трэцюю экскурсію цыкла "Горад, які знікае".


Гэтым разам неабыякавым гамяльчанам было прапанавана прайсціся па раёне старога горада Залінія. Праводзіў экскурсію краязнаўца, навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці Андрэй Скідан. На прагулку сабраліся прыкладна 30 гамяльчан. Удзельнікі мелі магчымасць даведацца пра своеасаблівасці традыцыйнай гарадской забудовы, у прыватнасці азнаёміцца з адметнасцямі сядзібнай драўлянай архітэктуры, убачыць адну з нямногіх поўнасцю брукаваных яшчэ з дарэвалюцыйных часоў вуліц.


"Гомельскі "залінейны" раён — частка горада, якая пачала забудоўвацца за лініяй чыгункі, адкуль і атрымала сваю назву. Асноўнымі жыхарамі раёна былі чыгуначныя служачыя і рабочыя. У сваёй масе ён складаецца з аднапавярховай забудовы прысядзібнага тыпу. Гэта невялікая частка яшчэ мала кранутага старога Гомеля. Але традыцыйная гістарычная драўляная забудова горада знаходзіцца пад пагрозай поўнага знішчэння. Згодна з нядаўна зацверджаным новым генпланам развіцця горада, усю аднапавярховую забудову ў цэнтры горада, нягледзячы на яе гістарычную, архітэктурную ці мастацкую каштоўнасць, плануюць знесці", — паведаміў БелаПАН старшыня "Талакі" Яўген Меркіс.


Намаганні гомельскіх гісторыкаў і актывістаў па стварэнні спецыяльных ахоўных зон ці музеяў пад адкрытым небам, паводле слоў Меркіса, пакуль застаюцца дарэмнымі.


Паводле БелаПАН

Каментаваць