У Гомелі прэзентуюць беларускую культуру як прастору выбару

Культурніцкія, грамадскія, творчыя дзеячы, ініцыятывы і арганізацыі Гомеля запрашаюцца 17 кастрычніка на незвычайную дыскусійную сустрэчу, якая дасць магчымасць пазнаёміцца з двума цікавымі праектамі для прафесіяналаў у сферы культуры. 



ГА «Цэнтр еўрапейскай трансфармацы» супольна з міжнародным кансорцыюмам «ЕўраБеларусь» запрашаюць на падвоеную прэзентацыю «Беларуская культура — прастора выбару?»

У першай частцы прэзетнуецца прадстаўленне вынікаў «Маніторынгу рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь «Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыражэння» — зробленага летась камандай «ЦЕТ» першага сістэмнага аналізу сферы культуры Беларусі, які дае ўяўленне аб культурнай палітыцы краіны ў сучасным еўрапейскім кантэксце.

Акрамя ўласна вынікаў даследвання, эксперты «ЦЕТ» Таццяна Вадалажская і Андрэй Ягораў прапануюць абмеркаванне перспектываў новых падыходаў у культурнай палітыцы Беларусі. «Культура як сфера нашага ўплыву: хто і як мусіць фармаваць беларускую культуру сёння?» — гэта цэнтральнае пытанне запланавай дыскусіі.

Другая частка прэзентацыі прадугледжвае знаёмства з магчымасцямі міжнароднага праекта «CHOICE» (Cultural Heritage: Opportunity for Civic Engagement), які будзе разгортвацца ў Беларусі, Украіне, Арменіі і Малдове ў бліжэйшыя два гады. Беларуская частка праекту, «СHOICE-Беларусь: спадчына і сучаснасць», ставіць мэтамі пераасэнсаванне, ахову і аднаўленне матэрыяльнай і нематэрыльянай культурнай спадчыны Беларусі сіламі грамадзянскай супольнасці. Каардынатары праекта шукаюць  недзяржаўныя культурніцкія арганізацыі, ініцыятывы, творцаў і даследчыкаў, якія падзяляюць гэтыя каштоўнасці, а таксама гатовыя актыўна працаваць і на развіццё сваіх прафесійных кампетэнцый.

Абедзве прэзентацыі, самастойныя па змесце, закранаюць пытанні штодзённага выбару, які мы робім як разнастайныя гульцы на культурніцкім полі краіны: што ўваходзіць у сферу нашага уплыву на ўласную культуру і якія з магчымасцяў мы выкарыстоўваем? Да абмеркавання запрашаюцца ўсе, хто сапраўды шукае адказы.

Месца правядзення: Гомель, парк-гатэль «Замкавы» вул. Гагарына, 6.

17 кастрычніка. Пачатак: 16:00.

ГА «ЦЕТ» («Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі») — , незалежны беларускі аналітычны цэнтр (think tank), заснаваны ў 2010 годзе ў  Мінску. Уваходзіць у структуру міжнароднага кансорцыюма «ЕўраБеларусь».

МК «ЕўраБеларусь» — аб’яднанне беларускіх і еўрапейскіх недзяржаўных арганізацый, дзейнасць якіх факусуецца на агульных задачах: умацаваннё і развіцця сферы публічнай палітыкі (public policy) у Беларусі з актыўным удзелам грамадзянскай супольнасці; арганізацыйнае развіццё прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, іх актыўны і ўсвядомленае удзел у працэсах дэсаветызацыі, беларусізацыі і еўрапеізацыі. 

Каментаваць