У Каўнасе названыя пераможцы прэміі трэцяга Кангрэса даследчыкаў Беларусі за лепшую навуковую публікацыю

У апошні дзень работы трэцяга Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які праходзіў у Каўнасе (Літва) 11—12 кастрычніка, былі ўручаны прэміі за лепшыя навуковыя публікацыі. 



Прэміі прысуджаліся за публікацыі, надрукаваныя ў 2011—2012 гадах, у трох намінацыях: "Гісторыя", "Сацыяльна-палітычныя навукі" і "Гуманітарныя навукі". Пераможцам у намінацыі "Гісторыя" стаў Дзяніс Лісейчыкаў за кнігу "Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель у 1720—1839 гадах". У намінацыі "Гуманітарныя навукі" лепшай прызнана работа Ігара Запрудскага "Па дарозе на Парнас: атрыбутыўныя даследаванні і пытанні рэцэпцыі беларускай літаратуры XIX стагоддзя". Пераможцам у намінацыі "Сацыяльна-палітычныя навукі" стала работа Ірыны Лашук і Аксаны Шэлест "Сімвалічнае і камунікацыйнае вымярэнне моўных практык беларускіх палякаў".
 
 
Рашэнне аб прысуджэнні прэміі прымалася на аснове заключэння савета, які складаецца з прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці Беларусі і іншых краін (каля 10 экспертаў на кожную намінацыю). Сама прэмія ўяўляе сабой грамату, статуэтку і, як сцвярджаюць яе заснавальнікі, "дастаткова вялікую суму грошай, істотную для беларускага вучонага". 
 
 
Сярод асноўных мэтаў правядзення падобных кангрэсаў — супрацоўніцтва беларускіх даследчыкаў з калегамі з балтыйскіх і скандынаўскіх краін па розных кірунках, а таксама паглыбленне рэгіянальных і параўнальных даследаванняў Беларусі і рэгіёну Балтыйскага мора ў шырокім яго разуменні. 
 
 
Канцэпцыя цяперашняга кангрэсу была сфармуляваная наступным чынам — "Беларусь: паўночнае вымярэнне".
 
 
belapan.by

Каментаваць