У Кіеве хочуць адкрыць прадстаўніцтва Міколы Статкевіча

У Кіеве (Украіна) у мясцовым офісе аргкамітэту па стварэнні руху салідарнасці “Разам” мажлівае адкрыццё прадстаўніцтва былога палітвязня і экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Міколы Статкевіча.



На здымку — Вячаслаў Сіўчык і Мікола Каханіўскі


Такая дамоўленасць была дасягнутая 10 верасня ў Кіеве па выніках перамоваў паміж кіраўніцтвам аргкамітэту руху і Камітэту вызвалення палітвязняў (Украіна). Як паведамляе прэсавая група руху,  пад час сустрэчы лідараў арганізацый Вячаслава Сіўчыка і Міколы Каханіўскага быў абмеркаваны шэраг актуальных палітычных пытанняў, у тым ліку адмова беларускіх уладаў зарэгістраваць Міколу Статкевіча ў якасці кандыдата ў прэзідэнты на выбарах гэтага года.

Бліжэйшым часам у Мінску Вячаслаў Сіўчык асабіста перадасць былому палітвязню дамоўленасць пра мажлівае адкрыццё на базе кіеўскага офісу аргкамітэту руху салідарнасці “Разам” прадстаўніцтва экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча.

Украінскі Камітэт вызвалення палітвязняў — партнёрская арганізацыя аргкамітэту руху салідарнасці “Разам” з 2011 году. З гэтага часу праводзяцца супольныя акцыі гэтых грамадскіх утварэнняў. А з мінулага году, дзякуючы высілкам украінскіх сяброў, рух мае свой офіс ва ўкраінскай сталіцы.

Каментаваць