У кіпцюрах РТР: апытанне прадэманстравала залежнасць беларускага грамадства ад расійскай прапаганды.

Беларусь непазбежна прайграе ў інфармацыйнай вайне. Пакуль улада душыла недзяржаўныя СМІ, 
яна поўнасцю ачысціла інфармацыйнае поле для СМІ Расіі.



Чэрвеньскае сацапытанне НІСЭПД яўна прадэманстравала залежнасць беларускага грамадства ад расійскай прапаганды. Паводле яго вынікаў, украінскі Майдан і адхіленне ад улады Віктара Януковіча дрэннай справаю лічаць 63,2% апытаных. Далучэнне Крыму да Расіі падтрымліваюць 62,2% рэспандэнтаў. Збройны супраціў у Данецкай і Луганскай абласцях як народны пратэст супраць нелегітымнай улады ўспрымаюць 65,5%. Такія адказы нам транслююць СМІ Расіі, а значыць, дзве траціны беларусаў знаходзяцца пад уплывам замежных СМІ.

Адначасова былі разбураныя два міфы, якія распаўсюджвалі прыхільнікі «інфармацыйнага грамадства». Міф першы — з-за інтэрнэту сучасныя людзі менш глядзяць тэлебачанне. Апытанка НІСЭПД паказала, што тэлевізія па-ранейшаму адыгрывае вялікую ролю ў фармаванні малюнку сусвету шараговага беларуса. Міф другі — людзі, дзякуючы таму ж інтэрнэту, маюць доступ да шматлікіх крыніцаў інфармацыі і могуць стварыць уласнае ўяўленне пра падзеі. Аказалася, што ствараць уласнае ўяўленне пра падзеі, «уключыць мазгі», людзям лянота. Ім прасцей успрыняць той малюнак падзей, які навязваецца па ТБ.

Кіраўніцва Беларусі і персанальна Аляксандр Лукашэнка «абстрагаваліся» ад руска-ўкраінскай вайны, падкрэсліваючы нейтралітэт і незалежнасць. У гэтых умовах беларускія тэлеканалы працягвалі «не заўважаць» гэтыя падзеі, ніяк не фармуючы стаўленне да іх насельніцтва. Яны чакалі «адмашкі», афіцыйнай пазіцыі кіраўніка дзяржавы ў гэтым канфлікце альбо хаця б намёку на такую пазіцыю. Лукашэнка ж маўчаў па «ўкраінскай праблематыцы» амаль да канца сакавіка, калі адбылася анексія Крыма. А расійская прапаганда тым часам працягвала «прамываць мазгі» беларусам.

Гэткая «залежнасць» ад расійскіх тэлеканалаў можа нам дорага каштаваць. Бо што было б, калі б гэтая вайна была развязаная не супраць Украіны, а супраць Беларусі?

Партыя БНФ зладзіла дыскусію «Сучасная інфармацыйная вайна: урокі ўкраінскіх падзеяў для Беларусі». Медыяаналітык Паўлюк Быкоўскі, уласны карэспандэнт «Газета.Ru» ў Беларусі Дзяніс Лаўнікевіч і спецыяліст па пытаннях бяспекі, кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў адназначна прыйшлі да высновы: беларуская медыя-мадэль ва ўмовах інфармацыйнай вайны непазбежна прайграе.

Канешне, расійскія тэлеканалы рэтранслююцца беларускімі, і ўлада ў любы момант можа перарваць расійскае вяшчанне. Але ў расійскім эфіры не было «наездаў» на кіраўніка краіны альбо нейкіх перадачаў, небяспечных для яго. Таму ўлады і не пабачылі пагрозы расійскай прапаганды ў Беларусі, лічыць Паўлюк Быкоўскі.

Паводле Андрэя Паротнікава, інфармацыйная вайна пачынаецца з малога. Спачатку ідзе «распальванне варожасці» ў адносінах да «верагоднага праціўніка»: навешванне ярлыкоў, стварэнне негатыўнага вобразу. Потым пачынаецца «навуковападобны» працэс адмаўлення нацыі ў ідэнтычнасці і стварэння «фэйкавых» ідэнтычнасцяў, потым прапаганда ўзмацняецца да «абароны нашых ад нянашых» і оп-ля — вайна. У сённяшнім стане, на думку Паротнікава, беларускія медыі могуць «праспаць» падрыхтоўчы этап, і беларускае насельніцтва апынецца ў кішэні расійскай прапаганды.

«Калі б Мінск зазнаў бы інфармацыйную атаку ўкраінскага маштабу — вынік быў бы жахлівы. Вядома, улады б пачалі адключаць варожыя «галасы». Магчыма, заблакавалі інтэрнэт. І гэтым бы стварылі спрыяльнае асяроддзе для распаўсюду рознага роду чутак», — лічыць Паротнікаў.

Якога кшталту б гэта былі б чуткі, даў зразумець Быкоўскі. Ён прывёў лічбы апытання «Беларускай аналітычнай майстэрні». «20,8% рэспандэнтаў заявілі, што інфармацыю пра ўкраінскія падзеі яны атрымлівалі з сацыяльных сетак, а 45,2% — ад родзічаў і знаёмых. То бок, «сарафаннае радыё» фактычна рэтранслявала расійскія тэлеканалы», — адзначыў ён.

Што можа зрабіць улада, каб супрацьстаяць магчымай інфармацыйнай навале? На думку Паротнікава — нічога. Ва ўладзе няма спецыялістаў, якія б маглі нешта зрабіць. Пацверджанне гэтаму, што грошы, выдаткаваныя на беларускую ідэалогію, застаюцца незасвоенымі.

Як ні дзіўна, але, на думку Паротнікава, пытанне інфармацыйнай бяспекі беларускай дзяржавы наўпрост звязанае з пытаннем свабоды прэсы. Для супрацьстаяння ў «новай вайне» краіна павінна ствараць уласны грамадска-палітычны інфармацыйны кантэнт. «Добра, калі ў нас ёсць тузін такіх выданняў, а ўсе астатнія займаюца перадрукоўкамі», — скрушана адзначыў Паротнікаў.

Менавіта супраць уласнага грамадска-палітычнага кантэнту ўлада змагалася ўвесь час свайго існавання: ад закрыцця незалежных радыёстанцый у 1996 годзе да палявання на журналістаў «Белсату» сёння.

Сярод прапановаў Паротнікава — заяўны прынцып рэгістрацыі СМІ, найперш рэгіянальных, вывад на нацыянальны ўзровень мясцовых тэлеканалаў, дзяржаўных і прыватных, разбаўленне расійскіх СМІ тэлеканаламі Украіны ды Польшчы, і гэтак далей. Карацей — поўная лібералізацыя рынку СМІ. Прыкладна тое ж, чаго ўжо колькі гадоў вымагае апальная Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Такім чынам, сваёй упартай барацьбой з «нячэснымі» СМІ ўлада паставіла пад пагрозу нацыянальную бяспеку краіны. А раптам заўтра вайна?

Каментаваць