У Курапатах аднаўляецца штотыднёвая талака

Ужо трэці год запар актывісты ініцыятывы «За ўратаванне Курапатаў» парадкуюць заходнюю частку знакавага для Беларусі месца пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.



Першая талака ў Курапатах у 2015 годзе стартуе 18 красавіка а 12 гадзіне. Добраўпарадкаваць курапацкі лес плануецца двойчы на тыдзень: штоаўторак а 17 гадзіне і штосуботу а 12 гадзіне. Вынікі талакі будуць падведзеныя 29 кастрычніка.

«Курапаты – буйнейшае месца пахавання ахвяраў сталінізму. Гэта сімвал рэпрэсій на Беларусі. Калі мы ў 2013 годзе ўбачылі, у якім стане знаходзяцца Курапаты, асабліва заходняя частка, якая прымыкае да сумнавядомага «Бульбаш-хола» – а гэта былі засмечаныя, зарослыя хмызняком мясціны – мы вырашылі ладзіць штоаўторак талаку па добраўпарадкаванні мемарыяла», – адзначыла Ганна Шапуцька на арганізацыйным сходзе сябраў ініцыятывы «За ўратаванне Курапатаў», што адбыўся ў Мінску 8 красавіка.

За апошнія два гады руплівай працы валанцёры прывялі ў парадак каля трох гектараў курапацкага лесу. На арганізацыйным сходзе, прысвечаным аднаўленню рэгулярнай талакі сёлета, прадстаўнік  прадстаўнік міжнароднага таварыства «Мемарыял» Уладзімір Раманоўскі адзначыў найлепшых валанцёраў, што працавалі ў Курапатах. Ганаровыя, адмыслова вырабленыя памятныя медныя значкі атрымалі Яўген Батура, Вікторыя Ткачук, Ягор Віняцкі, Марына Бондарава, Андрэй Моўчан.

Сёлета валанцёры маюць намер стварыць у Курапатах новую крыжовую алею.

Таксама, у сувязі з тым, што афіцыйна зацверджаны ахоўныя зоны, якія ўключаюць і так званую «дарогу смерці», актывісты ініцыятывы «За ўратаванне Курапатаў» маюць намер у сёлета абазначыць гэта месца мемарыяльнымі знакамі. Мемарыялізацыю плануецца зрабіць па ўзгадненні з Мінкультам і з прыцягненнем ахвяраванняў як жыхароў Беларусі, так і беларускай дыяспары за мяжой.

Каментаваць