У Курапатах НКУС расстрэльваў грамадзян Літвы, Латвіі і Эстоніі

Амбасадар Латвіі ў Беларусі Міхаіл Папкоўс выказаў надзею, што цягам часу да грамадзянскай супольнасці, якая займаецца ўшанаваннем памяці ахвяраў сталінізму ў Курапатах, далучыцца і беларуская дзяржава.



Мемарыяльная шыльда


Пра гэта дыпламат заявіў 15 чэрвеня ў Курапатах падчас адкрыцця мемарыяльнай шыльды на крыжы, пад якім мажліва ляжаць парэшткі грамадзян краінаў Балтыі, забітых пасля пачатку савецкай акупацыі Літвы, Латвіі і Эстоніі ў чэрвені 1940 года.

 

     Выступае Міхаіл Папкоўс

 

 

 

Шыльда з тэкстам: "Памяці жыхароў краін Балтыі, расстраляных НКВД у 1940 годзе" была ўсталяваная з ініцыятывы беларускіх сябраў міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мемарыял” (Расія) і айчыннай грамадзянскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”.

 

Удзельнікі цырымоніі

 

 

 

Актывісты гэтых структураў прымалі ўдзел у перапахаванні парэшткаў ахвяраў сталінізму пасля таго. як у 2009 годзе невядомыя вандалы раскапалі адно з курапацкіх пахаванняў. Паколькі яно датуецца перыядам пасля пачатку акупацыі краінаў Балтыі Савецкім Саюзам і ўтрымлівае фрагменты абутку, які быў зроблены па-за межамі Польшчы і СССР, ёсць падставы меркаваць, што ў Курапатах супрацоўнікі НКУС расстрэльвалі грамадзян Літвы, Латвіі і Эстоніі, зазначыў даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў. Ён таксама нагадаў пра сведчанні былых вязняў сталінскага ГУЛАГу і супрацоўнікаў НКУС, што ў турмах БССР з лета 1940 года знаходзіліся зняволеныя жыхары балтыйскіх краінаў.

 

 

  Распавядае Ігар Кузняцоў

 

 

Падчас талакі ў Курапатах грамадскія актывісты спачатку ўсталявалі крыж на месцы забойства ахвяраў сталінізму, а затым на гэтым крыжы — памятную шыльду.

 

 

 

У цырымоніі яе адкрыцця, прымеркаванай да 75-годдзя пачатку савецкай акупацыі Літвы. Латвіі і Эстоніі, удзельнічалі прадстаўнікі амбасадаў краінаў Балтыі, праваслаўны святар, айцец Леанід (Акаловіч), грамадскія актывісты і журналісты недзяржаўных СМІ.

 

 

 Крыж асвяціў айцец Леанід (Акаловіч)

 

Каментаваць