У Курапатах распачалася шматдзённая талака (фота)

25 траўня ў Курапатах распачалася шматдзённая талака, арганізваная грамадскай ініцыятывай «За ўратаванне мемарыялу Курапаты».



Курапаты: талака 2013. Людзі высаджвалі кветкі каля мемарыяльнай «Лавы Клінтана», а таксама прыбіралі смецце, хмызняк і сухое галлё каля шашы «Заслаўе—Калодзішчы». Фота Марата Гаравога


Нягледзячы на дождж, ва ўрочышча прыйшлі больш за 50 чалавек, якія высаджвалі кветкі каля мемарыяльнай «Лавы Клінтана», а таксама прыбіралі смецце, хмызняк і сухое галлё каля шашы «Заслаўе—Калодзішчы».  

Як паведаміла каардынатар ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька, талака пройдзе ў тры этапы ў перыяд з 25 траўня па 29 кастрычніка. Першы этап, прысвечаны 25-м угодкам публікацыі артыкула «Курапаты — дарога смерці» Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» ад 3 чэрвеня 1988 года,  будзе праводзіцца штодзень з 27 па 31 траўня (пачатак а 17.00) і 1 чэрвеня (пачатак а 12.00). 3 чэрвеня адбудзецца круглы стол, прысвечаны 25-годдзю адкрыцця Курапатаў.  

Другі этап талакі, прысвечаны Еўрапейскаму дню памяці ахвяраў сталінізму і нацызму (23 жніўня), пройдзе з 15 па 22 жніўня, а трэці этап, прысвечаны Дню памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі (29 кастрычніка), — з 21 па 28 кастрычніка. Між этапамі прапануецца праводзіць талаку раз на тыдзень па аўторках (пачатак а 17.00).

Праваслаўны святар, айцец Леанід (Акаловіч) правёў памятны малебен у гонар бязвінных ахвяраў сталінізму, назваў талаку «святой справай», заклікаў прадстаўнікоў розных палітычных партый, рухаў і ініцыятыў працаваць у Курапатах сумесна і без крыўды, адзначыў, што дае свой плён працяглае змаганне за ўрочышча, якое заняло сваё месца ў пантэоне беларускай пакутнай славы.  

Паводле словаў палітыка і мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, Курапаты аб’ядноўваюць грамадзянаў Беларусі незалежна ад узросту, месца жыхарства, нацыянальнасці, веравызнання і палітычных сімпатыяў. «І ў гэтым сэнсе выдатна, што людзі спрычыняюцца да ўшанавання Курапатаў, хто як можа. Так, фермер з Мінскага раёна Уладзімір Матусевіч ахвяраваў на гэтую справу расаду розных кветак», — сказаў Вячорка. Ён выказаў надзею, што талокі ва ўрочышчы стануць рэгулярнымі, прыцягнуць новых людзей і будуць садзейнічаць папулярызацыі народнага мемарыялу. «Абазначэнне мемарыяльнага статусу Курапатаў крыжамі, кветкамі і доглядам крайне важна, каб кожны чалавек адчуў, што ён прыйшоў не ў лес да шашлыкоў і не на пляцоўку для выгулу сабак,  а ў нацыянальную святыню», — падкрэсліў Вячорка.   

Былы вязень ГУЛАГу Сяргей Ханжанкоў назваў шматдзённую талаку ў Курапатах «пачаткам замацавання ўрочышча ў свядомасці беларускага грамадства». На ягоную думку, трэба правесці ва ўрочышчы эксгумацыю ўсіх парэшткаў ахвяраў, іх ўрачыстае перапахаванне ў брацкую магілу і стварэнне на гэтым месцы сапраўднага еўрапейскага мемарыялу. 

Каардынатар талакі, былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі лічыць, што ўся тэрыторыя Курапатаў плошчай больш за 20 гектараў, дзе знаходзяцца звыш за 500 западзін — мяркуемых пахаванняў, павінна быць дагледжана і ўяўляць сабою добраўпарадкаваны лесапарк. На ягоную думку, гэтая мэта можа быць дасягнута пры аб’яднанні высілкаў грамадскасці і дзяржавы.

Актывіст КХП-БНФ Уладзімір Юхо, які разам са сваімі сябрамі па партыі сістэматычна даглядае Курапаты, выказаў задавальненне пачаткам шматдзённай талакі ва ўрочышчы і падкрэсліў, што на тэрыторыі народнага мемарыялу «месца і працы хопіць усім».

Фота Марата Гаравога

Каментаваць