У Курапатах ушанавалі памяць ахвяраў таталітарызму

Вечарам 23 жніўня ў Курапатах з ініцыятывы аргкамітэту па стварэнні руху салідарнасці “Разам” адбылося ўшанаванне ахвяраў таталітарных рэжымаў.



Кветкі і знічкі ў памяць ахвяраў сталінізму


23 жніўня, згодна з рэзалюцыяй Еўрапарламенту ад 2003 года, штогод прыгадваюцца ахвяры таталітарызму, бо ў гэты дзень 1939 года адбылося падпісанне пакту Молатава — Рыбентропа (савецка-германскай дамовы аб ненападзе і сакрэтнага пратаколу да яе), якім сталінскі Савецкі Саюз і гітлераўская Германія падзялілі Еўропу на сферы зацікаўленасцяў.

Ва ўшанаванні пад бел-чырвона-белымі сцягамі прынялі ўдзел каля 25 актывістаў аргкамітэту руху і грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”. Прычым некаторыя з іх прыйшлі ва ўрочышча са сваімі дзецьмі.

 Першае ў жыцці наведванне Курапатаў

Праваслаўны святар айцец Аляксандар (Шрамко) выказаў удзячнасць Усявышняму за тое, што з ягонай дапамогай выйшлі на волю беларускія палітвязні, і заклікаў беларусаў жыць з Богам, каб збудаваць справядлівую, светлую і квітнеючую Бацькаўшчыну.  

Прамаўляе айцец Аляксандар (Шрамко)

Намеснік старшыні аргкамітэту руху Алесь Макаеў нагадаў, што не першы раз у Еўропе адзначаецца Дзень памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў — камуністычнага і нацысцкага. “Вось чаму ў гэты дзень мы прайшлі ў нацыянальную святыню беларусаў, каб ушанаваць памяць бязвінна палеглых людзей”, — сказаў палітык. Ён зазначыў, што ў гэты дзень ўшанаванні памяці рэпрэсаваных таталітарнымі рэжымамі адбываюцца ў многіх еўрапейскіх краінах. 

Алесь Макаеў

Галіна Сіўчык — маці старшыні аргкамітэту руху Вячаслава Сіўчыка, які пяты год знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі, выказала падзяку ўсім тым удзельнікам аргкамітэта руху,  хто амаль пяць гадоў штодня праводзіў малебны за вызваленне палітвязняў, а таксама заклікала беларусаў аб’яднацца дзеля таго, каб жыць у вольнай і незалежнай краіне. У адказ на яе заклік удзельнікі ўшанавання ўзяліся за рукі і ўтварылі жывы ланцуг.

Галіна Сіўчык

 

 Возьмемся за рукі, сябры…

 

Актывістка руху Надзея Батура назвала цудам і вялікім святам вызваленне беларускіх палітвязняў, якое дае надзею на адраджэнне ў Беларусі сапраўднай прававой, дэмакратычнай і сацыяльнай дзяржавы. 

Надзея Батура 

Вячаслаў Піліпук — актывіст руху, былы слухач Мінскай вышэйшай інжынернай зенітна-ракетнай вучэльні супрацьпаветранай абароны , дзе ў 1985-1990 гадах выкладаў Мікола Статкевіч,  распавёў, што ведае кандыдата ў прэзідэнты амаль 30 гадоў. На думку актывіста, Мікола Статкевіч з’яўляецца той асобай, якая можа аб’яднаць вакол сябе ўсіх неабыякавых да будучыні краіны. “Бо не разыходзяцца думкі, словы і ўчынкі гэтага чалавека, якому можна давяраць”, — падкрэсліў Вячаслаў Піліпук.

Вячаслаў Піліпук

Фота Марата Гаравога

Каментаваць