У Курапатах — ушанаванне ахвяраў сталінізму і талака

29 траўня ва ўрочышчы Курапаты адбылося традыцыйнае ўшанаванне ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій. Ва ўшанаванні пад бел-чырвона-белымі сцягамі ўдзельнічалі больш за 30 дэмакратычных актывістаў.



Пасля малебну, які правёў праваслаўны святар айцец Леанід (Акаловіч), прадстаўнікі грамадскасці агучылі каля 100 з 5772 вядомых імёнаў ахвяраў палітрэпрэсій 1920-1941-х гадоў, расстраляных ў Мінску і пазней рэабілітаваных. Першыя больш за 300 імёнаў ахвяр былі названыя ў Курапатах 29 кастрычніка 2012 года, далей спіс агучваўся на працягу мінулага года пад час розных мерапрыемстваў у межах правядзення Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі. а поўны спіс будзе зачытаны ў бягучым годзе.

 

Удзельнікі ўшанавання ўсклалі кветкі, запалілі знічкі, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць бязвінна палеглых людзей.

 

Удзельнік абароны Курапатаў беларускай моладдзю ў 2001–2002 гадах, былы палітвязень Васіль Парфянкоў адзначыў, што народны мемарыял аб’ядноўвае розныя пакаленні беларусаў, і заклікаў моладзь паўдзельнічаць у шматдзённай талацэ па добраўпарадкаванню ўрочышча, якая праводзіцца штодзень да суботы з 17.00.

 

Як адзначыў намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, Курапаты — сімвал памяці пра сотні тысячаў беларусаў — ахвяраў сталінізму, у тым ліку і пра беларускага літаратара, грамадска-палітычнага дзеяча, сталага аўтара «Нашай нівы» Фабіяна Шантыра, расстралянага роўна 93 гады таму, 29 траўня 1920 году ў Навазыбкаве (Расія).

 

«Ён быў адным з тых людзей, хто напачатку паверыў камуністам і ўвайшоў у першы часовы ўрад БССР, а потым выйшаў з гэтага ўраду ў знак пратэсту супраць падзелу Беларусі. Як справядліва лічыць наш славуты гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў, Фабіян Шантыр стаў першай ахвяраў таталітарнага рэжыму сярод прадстаўнікоў эліты беларускай нацыі», — сказаў Лялькоў.

 

Удзельнікі талакі прыбіралі смецце, хмызняк і сухое галлё каля шашы «Заслаўе-Калодзішчы».

 

Як паведаміла каардынатар ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла «Курапаты» Ганна Шапуцька, 29 траўня адбылася сустрэча з намеснікам старшыні Мінскага райвыканкама Сяргеем Шаплыка, па выніках якой дасягнута дамоўленасць пра стварэнне грамадскага савету па добраўпарадкаванню Курапатаў з удзелам прадстаўнікоў уладаў і грамадскасці.

 

Нагадаем, што 25 траўня распачаўся першы этап шматдзённай талакі, прысвечаны 25-м угодкам публікацыі артыкула «Курапаты — дарога смерці» Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалева ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» ад 3 чэрвеня 1988 года. На 3 чэрвеня запланаваны круглы стол, прысвечаны 25-годдзю адкрыцця Курапатаў.

 

А чарговае ўшанаванне ахвяраў сталінізму ва ўрочышчы адбудзецца 29 чэрвеня а 18.00.

Каментаваць