У Курапатах маліліся за палітвязняў

Ля курапацкіх крыжоў адбылася акцыя ўшанавання памяці ахвяраў рэпрэсій. На месцы масавых расстрэлаў 30-х гадоў грамадскія актывісты маліліся і за вызваленне сённяшніх палітвязняў КДБ.

 



Ля курапацкіх крыжоў адбылася акцыя ўшанавання памяці ахвяраў рэпрэсій. На месцы масавых расстрэлаў 30-х гадоў грамадскія актывісты маліліся і за вызваленне сённяшніх палітвязняў КДБ.

Курапаты 29 студзеня наведалі каля 15 чалавек, якія запалілі знічкі і ўсклалі ва ўрочышчы кветкі. Прамоўцы параўналі сённяшнюю атмасферу ў Беларусі з 1937 годам. Збіццё людзей, зняволенне, ператрусы, рэпрэсіі, нагнятанне страху. Каля Крыжа Пакутаў удзельнікі акцыі памаліліся за Беларусь і за ўсіх рэпрэсаваных — як сталінскіх часоў, так і сённяшніх вязняў. І праспявалі гімн “Магутны Божа.

За наведнікамі назіралі міліцыянты. І хаця быў узняты бел-чырвона-белы сцяг, супрацоўнікі органаў не перашкаджалі людзям. Сярод іх былі і тыя, хто наведаў памятнае месца першы раз. Навучэнцы мінскіх каледжаў Уладзіслаў і Іна адзначылі, што ніколі ў Курапатах яшчэ не былі.

“Хацелі даведацца, што гэта такое, — сказала дзяўчына. — Убачыць на свае вочы. Адчуць атмасферу, якая тут была. Журботна, вядома. Страшна.

Яе сябра адзначыў, што гісторыю Курапат яны вывучалі дагэтуль у інтэрнэце, па фотаздымках і відэазапісах. “Хтосьці штосьці расказаў, дзесьці сам дазнаўся, — распавёў ён. — Вельмі ўражаны. Таму што калі бачыш такую колькасць крыжоў, калі ўсведамляеш, што столькі людзей было забіта ў часы Сталіна, гэта проста шакіруе.

Маладыя людзі дамовіліся з дарослымі, каб праводзіць у Курапатах экскурсіі для моладзі. “Я зараз буду збіраць людзей, — паведаміў Уладзіслаў.

Акцыі ў памяць аб нявінных ахвярах грамадскасць ладзіць у Курапатах штомесяц 29-га дня. Гэта дата — напамін пра кастрычнік 37-га года, калі беларуская эліта панесла неймаверныя страты. У Мінску масава расстралялі больш за 100 выбітных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Акцыямі ў Курапатах грамадскасць дамагаецца ад уладаў прызнання 29 кастрычніка як Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Наступная акцыя ўшанавання адбудзецца ў Курапатах 28 лютага.
 

Каментаваць