У Курапатах ушанавалі ахвяраў сталінізму


29 красавіка ва ўрочышчы Курапаты адбылося традыцыйнае штомесячнае ўшанаванне ахвяраў сталінізму. У ім удзельнічалі больш за 20 чалавек — актывісты аргкамітэта па стварэнню руху салідарнасці “Разам, малебнаў за вызваленне палітычных зняволеных, а таксама міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мемарыял.




29 красавіка ва ўрочышчы Курапаты адбылося традыцыйнае штомесячнае ўшанаванне ахвяраў сталінізму. У ім удзельнічалі больш за 20 чалавек — актывісты аргкамітэта па стварэнню руху салідарнасці “Разам, малебнаў за вызваленне палітычных зняволеных, а таксама міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мемарыял.


Людзі запалілі знічкі каля каменя з надпісам “Ахвярам сталінізму і каля “Крыжа пакутаў , хвілінай маўчання ўшанавалі памяць бязвінна палеглых, праспявалі песні беларускага нацыянальнага адраджэння і правялі малебен.

      У памінавенні ўдзельнічалі людзі розных узростаў


Намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнню руху салідарнасці “Разам, актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў выказаў надзею, што ў вольнай дэмакратычнай Беларусі адбудзецца сапраўдны трыбунал над савецкім таталітарным рэжымам, які забіваў ні ў чым не вінаватых грамадзян. Паводле ягоных слоў, такі трыбунал неабходны дзеля таго, каб масавыя забойствы бязвінных больш ніколі не адбываліся на беларускай зямлі. На жаль, да гэтай пары многія беларусы не хочуць ведаць праўду пра жахлівыя сталінскія рэпрэсіі, баронячы ад гэтага жаху сваю псіхіку, сказаў Макаеў. Паводле ягоных слоў, нягледзячы на тое, што закон дазваляе грамадзянам Беларусі свабодна збірацца на сходы і выказваць свае думкі, за гэта людзі церпяць пераслед.

“У краіне ёсць палітзняволеныя. Сярод нас — Васіль Парфянкоў, якому ўлады пагражаюць новым судом і могуць зноў кінуць за краты, — сказаў Макаеў. На ягонае меркаванне, толькі беларуская салідарнасць можа вызваліць палітзняволеных. “І мы павінны ўздымаць гэтую хвалю салідарнасці, нягледзячы на перашкоды і запалохванні, — падкрэсліў Макаеў.

Васіль Парфянкоў

Удзельнік абароны Курапатаў беларускай моладдзю ў 2001–2002 гадах, былы палітвязень Васіль Парфянкоў выказаў падзяку ўдзельнікам памінавення за тое, што яны не забываюць Курапаты. “Відаць нездарма 11 год таму мы — прадстаўнікі беларускай моладзі баранілі ўрочышча восем месяцаў і жылі ў намётах з 24 верасня 2001 па 3 чэрвеня 2002 года, — сказаў Парфянкоў. Ён заклікаў усе беларускія дэмакратычныя сілы да паразумення і салідарных дзеянняў, каб вызваліць з-за кратаў усіх палітвязняў.


Краязнаўца і бард Аляксей Галіч звярнуў увагу на тое, што многія беларусы, у тым ліку і маладыя, нічога ці вельмі мала ведаюць пра Курапаты. Галіч выказаў падзяку першаадкрывальнкам урочышча Зянону Пазняку і Яўгену Шмыгалёву, а таксама ўладам БССР, у тым ліку і яе генеральнаму пракурору Георгію Тарнаўскаму за тое, што ў 1988 годзе ўпершыню ў СССР яны ўзбудзілі крымінальную справу супраць таталітарнай дзяржавы за злачынствы над сваім народам па фактах знаходжання ва ўрочышчы парэшткаў людзей, а таксама ўстанавілі ў Курапатах закладны камень будучага мемарыяла дзеля ўшанавання памяці ахвяраў сталінізму.

Прамаўляе Аляксей Галіч

“Былі забітыя лепшыя беларусы — носьбіты нацыянальнай культуры з яе хутарской гаспадаркай, традыцыйнымі сямейнымі каштоўнасцямі і ладам жыцця, — сказаў Галіч. На ягоную думку, масавыя рэпрэсіі сталі вынікам дыктатуры пралетарыяту — бязбожнай, цынічнай і амаральнай улады.
Затым ён праспяваў баладу на верш 20-гадовага палізняволенага беларуса Тодара Лебяды. Гэты верш Лебяда напісаў ў 1940 годзе пад час этапавання ў гулагаўскі лагер у Туруханску.


Удзельнікі памінавення былі непрыемна здзіўленыя тым, што ў сметніцы каля “Крыжа пакутаў яны ўбачылі польскія сцяжкі, на Радуніцу ўсталяваныя ва ўрочышчы беларусамі Польшчы, якія наведалі Курапаты. Большасць гэтых сцяжкоў былі зноў ускладзены каля мемарыяльных крыжоў нацыянальнга некропалю.

За ўшанаваннем наглядалі пяць супрацоўнікаў міліцыі.

Чарговае памінавенне ў Курапатах адбудзецца 29 мая ў 18.00.

Фота аўтара


 

Каментаваць