У кутузку за кнігу скаргаў (працяг гісторыі)

Звыклы артыкул Кодэкса адміністрацыйных правапарушэнняў пра «дробнае хуліганства» (17.1) пачаў прымяняцца міліцыяй не толькі супраць вядомых апазіцыянераў. Зараз «лаяцца матам» на пустым месцы пачалі і шараговыя грамадзяне.



Аляксандр Вайцешык


Гісторыя Аляксандра Вайцешыка з Баранавічаў адначасова і парадаксальная, і павучальная. У адной з кавярняў Нясвіжа ён папрасіў кнігу скаргаў. Гэтая кніга, па ідэі, павінная выдавацца па першым патрабаванні спажыўца. Аднак выдаць яму яе адмовіліся. Аляксандр Вайцешык выклікаў міліцыю.

Прыбыўшыя на месца здарэння міліцыянты, павітаўшыся з кіраўніцтвам кавярні за руку, перакваліфікавалі Вайцешыка з заяўніка ў асобу, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Па версіі міліцыянтаў і складзенага імі пратаколу, Вайцешык, нібыта, выказваючы просьбу аб прадстаўленні кнігі заўваг і прапаноў і будучы цвярозым, лаяўся матам.

Паказальна, што разам з Вайцешыкам міліцыя затрымала за тое ж «дробнае хуліганства» і яшчэ двух грамадзян — Дзяніса Чурака і Віталя Ермаковіча. Затрыманыя яны былі за тое, што папрасілі ў кавярні выдаць ім чэк аб аплаце рахунку, бо падазравалі, што іх аблічылі.

Такім чынам, 17 лістапада Вайцешык быў змешчаны ў Нясвіжскі Ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён прабыў два дні да суда.

Менавіта ўтрыманне ў гэтым ІЧУ прымусіла Вайцешыка напісаць заявы ў Генеральную пракуратуру і Рэспубліканскую санітарна-эпідэміялагічную станцыю МУС аб закрыцці Нясвіжскага ізалятара.

Па меркаванні Вайцешыка, у ІЧУ Нясвіжа парушаецца ўсё, што толькі можна. На шэсць чалавек у камеры — адна паліца на 4 аддзяленні, адзін стул і адзін стол. У перыяд знаходжання ў камеры Вайцешыка не працавала ані ацяпленне, ані вентыляцыя. Уначы Вайцешык не мог заснуць ад холаду, а ўдзень — ад тытунёвага дыму сукамернікаў. З-за такіх умоваў утрымання яму нават прыйшлося выклікаць хуткую дапамогу.

Пасцельную бялізну выдалі толькі Вайцешыку, дый тое толькі адну навалачку і адну прасціну. Астатнія абыходзіліся голымі матрацамі.

Самае галоўнае — у камеры №4, дзе знаходзіўся Вайцешык, адсутнічае прыбіральня. Замест яе — пластыкавае вядро. Як есці побач з такой «прыбіральняй»? Па словах Вайцешыка, такая сістэма «прыбіральняў» існуе і ў іншых камерах. Па запаўненні яны выстаўляліся ў калідор, і адзін з арыштаваных іх выносіў. Гэтая «прыбіральня» нават не дэзынфекуецца.

Зразумела, такія ўмовы прывялі да таго, што Вайцешык два дні трымаў «вымушаную галадоўку». Гэта таксама было цяжка, бо ў камеры вады няма. Яе набіралі з кранаў у прыбіральні ў пластыкавыя бутэлькі, аднак пітной такую ваду наўрад ці можна назваць. Тым больш, што ў «нармальную прыбіральню» затрыманых выводзяць, як Бог на душу пакладзе. Маглі вывесці два разы на дзень, а маглі не выводзіць увогуле. Туалетная папера і мыла ў ІЧУ Нясвіжа адсутнічаюць як клас. На вуліцу для прагулак у Нясвіжскім ІЧУ нікога не выводзяць: ні адміністрацыйна затрыманых (арыштаваных), ні затрыманых да суда.

Варта нагадаць, што Вайцешык у ІЧУ Нясвіжа чакаў судовага рашэння па сваёй адміністрацыйнай справе. Ён яшчэ не быў асуджаны і прызнаны вінаватым. То бок, яшчэ ні ў чым не вінаваты чалавек жыў два дні ў такіх умовах утрымання…

Вайцешык справядліва палічыў, што ўмовы ягонага ўтрымання ў ІЧУ з 17 па 19 лістапада ў сукупнасці парушаюць ягоныя правы, «прадугледжаныя артыкулам 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулам 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ст. 18.3 ПВКаАП Рэспублікі Беларусь і Правілаў, зацверджаных пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 08.08.2007 г. № 194, і складаюць жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае маю чалавечую годнасць абыходжанне».

Зараз Вайцешык просіць ад Генпракуратуры і санітарна-эпідэміялагічную станцыю МУС закрыць Нясвіжскі ІЧУ. Калі мераў не будзе прынята, у яго ёсць усе магчымасці дайсці са скаргай на жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае чалавечую годнасць абыходжанне» да Камітэту ААН па правах чалавека. А гэта ўжо будзе справа не аб парушэнні правоў на свабоду сходаў або асацыяцыяў, а наўпроставая справа аб катаванні ў Беларусі людзей — яшчэ нават не асуджаных да пакарання.

Каментаваць