У Мінску адбылася прэм’ера дакументальна-публіцыстычнага фільма “КПСС—крепостное право Советского Союза”

5 студзеня ў мінскай Гістарычнай майстэрні на пасяджэнні дыскусійнага кінаклубу “Невядомая Беларусь адбылася прэм’ера дакументальна-публіцыстычнага фільма “КПСС — крепостное право Советского Союза.

 



5 студзеня ў мінскай Гістарычнай майстэрні на пасяджэнні дыскусійнага кінаклубу “Невядомая Беларусь адбылася прэм’ера дакументальна-публіцыстычнага фільма “КПСС — крепостное право Советского Союза.

Гэтая 39-хвілінная стужка, створаная айчынным кінарэжысёрам Галінай Самойлавай па замове польскага тэлеканалу “Белсат і паказаная на ім ў лістападзе мінулага года, утрымлівае шмат афіцыйнай савецкай аптымістычнай кінахронікі і распавядае пра жыццё людзей савецкай Беларусі пасля Другой сусветнай вайны. У здымках фільма ўдзельнічалі сведкі падзей, у тым ліку Раіса Хвашчэўская (Гомель), Міхаль Шыла (Бабруйскі раён Магілёўскай вобласці), Вячаслаў і Кацярына Сухарэбскія (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці), Вячаслаў Юрчык (Баранавічы), Антаніна Корж (Чарнігаў, Украіна), а таксама гісторык з Баранавічаў Міхась Бернат і былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі (Мінск).

У стужцы яны распавялі пра сваё пасляваеннае жыццё, якое характарызавалася нястачай, бяздомнасцю, голадам, прымусовай, амаль бясплатнай працай, а таксама поўнай адсутнасцю грамадзянскіх правоў і свабодаў. У фільме гаворыцца пра рэпрэсіі сталінскага рэжыму ў 1945–1953 гадах, пра жыццё калгаснага сялянства, якое чынавенства, у асноўным расійскага паходжання, душыла шматлікімі і непасільнымі падаткамі, штрафамі, насільнай вярбоўкай у школы ФЗУ, на аднаўленне шахт Данбасу і лесараспрацоўкі Карэліі, прымусовымі падпіскамі на аблігацыі дзяржаўных унутраных пазык і адсутнасцю пашпартоў, а потым адмовай іх выдаваць. Нездарма сяляне казалі, што калі жадаеш жыць ў дабрабыце і шчасці, павінен красці, красці і красці. Героі стужкі сведчаць пра тое, што савецкае прыгоннае права было больш жорсткім, чым у Расійскай імперыі, дзе можна было хоць раз на год ў Юр’еў дзень перайсці ад самадура-барына да больш гуманнага памешчыка. На думку Міхася Берната, савецкі таталітарызм, які кантраляваў усе сферы жыцця чалавека ад яго нараджэння да скону, па ўзроўню сачэння за людзьмі перасягаў італьянскі і нямецкі фашызм, які абмяжоўваўся, у асноўным, палітычным кантролем над грамадствам.

Пасля прагляду стужкі пачалася дыскусія.

                                                    Галіна Самойлава

Як адзначыла Галіна Самойлава, на шчасце засталіся сведкі паваеннага жыцця, якое было натуральным працягам страшнага даваеннага перыяду айчыннай гісторыі, калі праводзілася масавае фізічнае вынішчэнне людзей па класаваму прынцыпу. Аднак, паводле яе слоў, за вайну гэты ненажэрны камуністычны цмок, мабыць, ужо ўпіўся людской крывёю настолькі, што рэпрэсіі набылі нейкую іншую форму. “А савецкія людзі, якія змагаліся не толькі за перамогу над фашызмам, але і за сваю волю і лепшае жыццё, спадзяваліся, што жахлівае мінулае ўжо ніколі не вернецца. Але, на жаль, яно вярнулася, — сказала кінарэжысёр. Яна адзначыла, што яе продкі збеглі ад сталінскіх паваенных рэпрэсій з вёскі Навасёлкі Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці.

Мінчанка Ірына Маркевіч (Вечар) адзначыла, што ў выніку сталінскіх рэпрэсій яна адна выпадкова выжыла са ўсяго свайго роду. Паводле яе слоў, яна выхоўвалася ў дзетдоме і ніколі не бачыла нікога са сваіх родных і блізкіх.

Даследчык гісторыі рэпрэсій савецкага таталітарнага рэжыму Ігар Кузняцоў звярнуў увагу на тое, што каналы айчыннага тэлебачання ігнаруюць тэму сталінскіх рэпрэсій. Паводле яго слоў, трэба адрозніваць мастацтва дакументальнага кіно, прадстаўленае стужкай Галіны Самойлавай, ад прапагандысцкіх стужак беларускага тэлебачання. “Я прыпомніў васьмісерыйны дакументальны фільм “Савецкая Беларусь, паказаны на адным з дзяржаўных айчынных тэлеканалаў некалькі год таму. Пасля яго прагляду героі стужкі Самойлавай маглі б падумаць, што яны жылі ў іншым жыцці, — сказаў гісторык.

                                 Ірына Маркевіч і Уладзімір Раманоўскі

Каментаваць