У Мінску адбылося ўзнагароджанне пераможцаў першых двух тураў конкурсу "Народны журналіст"

4 снежня ў Мінску адбылося ўзнагароджанне пераможцаў першых дзвюх тураў конкурсу “Народны журналіст.
Паводле слоў аднаго з яго ініцыятараў Вінцука Вячоркі, ідэя конкурсу палягала ў тым, каб спалучыць здольнасць людзей казаць, пісаць і зафіксаваць бачанае з уменнем вызначыць балючыя мясцовыя праблемы і талентам натхніць іншых, каб разам дамагацца вырашэння той ці іншай мясцовай праблемы, якую не пераадолець без людской салідарнасці. Прычым гаворка ідзе пра праблемы, якія не будуць асвятляць дзяржаўныя друкаваныя і электронныя СМІ, падкрэсліў Вячорка.



4 снежня ў Мінску адбылося ўзнагароджанне пераможцаў першых дзвюх тураў конкурсу “Народны журналіст.
Паводле слоў аднаго з яго ініцыятараў Вінцука Вячоркі, ідэя конкурсу палягала ў тым, каб спалучыць здольнасць людзей казаць, пісаць і зафіксаваць бачанае з уменнем вызначыць балючыя мясцовыя праблемы і талентам натхніць іншых, каб разам дамагацца вырашэння той ці іншай мясцовай праблемы, якую не пераадолець без людской салідарнасці. Прычым гаворка ідзе пра праблемы, якія не будуць асвятляць дзяржаўныя друкаваныя і электронныя СМІ, падкрэсліў Вячорка.

                                                                           Журы абірае пераможцаў (фота Святланы Багданавай)
                                                                               

Вінцука Вячорка адзначыў, што ў двух турах конкурсу (тэкстаў і мультымедыя), які праводзіўся з лета, прынялі ўдзел 144 працы непрафесійных журналістаў, а сайт праекта narodny.by стаў ужо даволі вядомай трыбунай для мясцовых актывістаў.

Як паведаміў Вячорка, пераможцы тэкставага туру конкурсу — Мікалай Бусел з Акцябрскага раёну Гомельскай вобласці, які схаваўся пад псеўданімам Мікалай з роду Кузьмінцоў (“Мой родны кут! Які ты неперспектыўны…), а таксама мінчанка Валянціна Шалейнікава (“У пошуках праўды) ужо ўзнагароджаны ў месцах свайго жыхарства. Паводле слоў Вячоркі, пераможцамі мультымедыйнага туру конкурсу сталі студэнтка III курсу гістфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Таццяна Ганчарэнка за відэаролік “Пра родную мову і бард Юры Несцярэнка з гарадскога пасёлка Бялынічы (Магілёўская вобласць) за фотарэпартаж “Я ў доміку, альбо Люкі нашай рэчаіснасці.

Сябра журы конкурсу, тэатральны рэжысёр, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Валер Мазынскі выказаў задавальненне, што ў конкурсе прыняло ўдзел шмат моладзі. “І гэта вельмі важна, бо вы вучыцеся рабіць выбар справы, несці за яе адказнасць і праяўляць салідарнасць з іншымі людзьмі, — сказаў Мазынскі. Ён назваў удзельнікаў конкурсу “людзьмі з верай і адвагай,  якія дзеля іншых узялі удар на сябе і не пабаяліся засвяціцца. “Ваш аўтарытэт і ваша сіла будуць узрастаць, калі людзі будуць бачыць вас і вашы справы, — сказаў рэжысёр. 

                                   Валер Мазынскі віншуе Таццяну Ганчарэнка (фота Насты Кажапенка)

Як адзначыла Таццяна Ганчарэнка, падчас вучобы ў БДУ яна не раз сустракалася з людзьмі, якія не ведаюць, альбо не вераць, што кожны студэнт гістфака для навучання можа выбраць адну з дзвюх дзяржаўных моваў. “Самае прыкрае ў тым, што на гістарычным факультэце па-беларуску навучаюцца толькі дваццаць працэнтаў студэнтаў, і з кожным годам колькасць беларускамоўных студэнтаў нашага факультэту памяншаецца. І гэта праблема клапоціць не толькі студэнтаў, але і нашых выкладчыкаў. Вось чаму я вырашыла зрабіць ролік пра родную мову, — сказала Ганчарэнка.  

Паводле словаў Вячоркі, найбольш цікавыя працы, дасланыя на конкурс, будуць апублікаваныя. Ён паведаміў, што праект “Народны журналіст будзе падоўжаны. “Гаворка ідзе пра развіццё сайта narodny.by, які павінен стаць сапраўдным народным інтэрнэт-парталам, што найперш выкарыстоўвае аўтэнтычны голас людзей, якім нешта баліць і якія ведаюць, за што трэба заклікаць і куды павесці сваіх суседзяў і калегаў па працы і вучобе, — сказаў Вячорка. На яго думку, на другім сваім этапе праект “Народны журналіст ставіць больш амбітную задачу — абудзіць людзей да дзеяння, выпрацаваць у іх перакананасць, што грамадзяне могуць самі нешта рабіць і змяняць рэчаіснасць вакол сябе. 

Для ўдзельнікаў вечарыны адбыўся канцэрт, у якім прынялі ўдзел бард-блюзмэн Юры Несцярэнка, студэнтка I курса аддзялення “рэжысура тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, бард Паліна Паланейчык і сталічны панк-рок-гурт “Амарока.
 

Каментаваць