У Мінску прэзентавалі кнігу «Беларусь у фокусе: вачыма міжнародных журналістаў»

У прэзентацыі, што адбылася ў офісе Беларускага ПЭН-цэнтра 20 чэрвеня, прынялі ўдзел супрацоўніца Інфармацыйнага бюро салідарнасці з Беларуссю Наталля Белікава, славацкая журналістка Полёна Фрэліх, а таксама шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько.

 

 



У прэзентацыі, што адбылася ў офісе Беларускага ПЭН-цэнтра 20 чэрвеня, прынялі ўдзел супрацоўніца Інфармацыйнага бюро салідарнасці з Беларуссю Наталля Белікава, славацкая журналістка Полёна Фрэліх, а таксама шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько.

У кнізе змешчаныя тэксты ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсу «Беларусь у фокусе», які ладзіўся Інфармацыйным бюро салідарнасці з Беларуссю сумесна з Прэс Клубам Польшча. Выданне выйшла на дзвюх мовах адразу — беларускай і англійскай. Кніга ілюстравана здымкамі беларускіх фотажурналістаў, якія сталі намінантамі конкурсу «Прэс-фота Беларусі–2012». Артыкулы ў кнізе падзелены на тры часткі. Першая з іх прысвечана наступствам прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, другая — сусветнаму крызісу, а трэцяя — беларускай культуры.

Паводле слоў Таццяны Нядбай, конкурс «Беларусь у фокусе» праходзіў з верасня па лістапад 2011 года. Яго галоўнай мэтай было павялічыць прысутнасць беларускіх тэм у міжнародных сродках масавай інфармацыі. На конкурс было даслана больш за 50 матэрыялаў з 14 краін свету. У выніку былі адабраныя шэсць пераможцаў: тры прафесійныя журналісты і тры грамадзянскія журналісты. Сярод іх быў і адзін беларус Кірыл Касцян: яго матэрыял выйшаў у «Belarusian Review».

Пераможцы конкурсу былі запрошаныя на цырымонію ўзнагароджання ў Варшаву. Для іх быў зладжаны шэраг майстар-класаў, а па іх выніках ствараецца англамоўны анлайн-рэсурс у дапамогу міжнародным журналістам. Ён будзе змяшчаць агульную інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі, а таксама адмысловы падзел, прысвечаны аспектам прафесійнай дзейнасці замежнага журналіста ў Беларусі і складанасцям, з якімі ён можа сутыкнуцца.

Каментаваць