У Магілёўскай вобласці ўчынілі допыт адной з заснавальніц БХД

У Клічаўскім раёне мясцовыя і абласныя ўлады тэрарызуюць людзей, якія паставілі свае подпісы за заснаванне Партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя».



Як распавяла каардынатар аргкамітэту БХД па Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук, ціску падвяргаюцца перадусім новыя людзі, якія раней не былі сярод заснавальнікаў БХД. Пра гэта паведамляе прэсс-служба БХД.

«Тых, хто некалькі разоў ужо быў заснавальнікам, не чапаюць», — адзначыла яна.

Так, на працу да заснавальніцы з вёскі Дзмітраўка прыехалі чыноўнікі з Клічава і Магілёва, якія выгналі з кабінету іншых супрацоўнікаў і фактычна ўчынілі ёй допыт. Жанчыну распытвалі, ці ставіла яна подпіс за заснаванне БХД; ці ведае і, калі так, то адкуль каардынатара БХД; колькі ёй заплацілі грошаў за подпіс. Таксама яны спрабавалі дыскрэдытаваць БХД, саму ідэю хрысціянскай дэмакратыі і кіраўніцтва аргкамітэту.

Апроч таго, прадстаўнікі ўладаў з падобнымі пытаннямі тэлефанавалі яшчэ аднаму заснавальніку і прыязджалі дадому да заснавальніцы, якая зараз знаходзіцца на пенсіі.

БХД спрабавалі зарэгістраваць у якасці партыі пяць разоў. Першы ўстаноўчы з’езд адбыўся ў 2009 годзе. У чэрвені 2015 года ладзіўся чарговы ўстаноўчы з'езд, каб партыя атрымала афіцыйную рэгістрацыю.

Каментаваць