У Маладзечне зруйнаваны крыж-помнік пакутнікам за Беларусь

28 чэрвеня ў Маладзечне зруйнаваны крыж-помнік пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі. 



Фота euroradio.fm


Пра гэта карэспандэнту “Новага Часу” распавёў дэмакратычны актывіст, былы настаўнік, паэт, сябра грамадзянскай ініцыятывы “Рада беларускай інтэлігенцыі”, арганізатар узвядзення помніка Лявон Цімохін.

 

Ён нагадаў, што першы ў краіне помнік беларусам, якія ахвяравалі сабою дзеля волі і незалежнасці Бацькаўшчыны, быў урачыста адкрыты 27 сакавіка 1993 года на Цэнтральнай плошчы горада ў гонар 75-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

 

Вялікі светла-шэры гранітны камень з чырвонымі пражылкамі, прывезены з ГУЛАГаўскай каменяломні Беламорканалу, упрыгожылі шасціканцовы крыж святой Ефрасінні Полацкай і дошка з паліраванага чорнага граніту з тэкстам: “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі”. Цікава, што крыж-помнік быў усталяваны насупраць помніка Уладзіміру Леніну. 

 

У адкрыцці мемарыялу, асвечанага святарамі ўсіх хрысціянскіх дэнамінацый,  удзельнічалі мэр гораду, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Генадзь Карпенка і тысячы мясцовых вернікаў-хрысціянаў.

 

На Цэнтральнай плошчы помнік прастаяў 18 гадоў і стаў не толькі гарадской, але і нацыянальнай славутасцю. Але ноччу 12 красавіка 2011 года пастамент помніка ўзарвалі, камень патаемна перанеслі прыкладна на 100 метраў на ўзбочыну дарогі каля гатэлю “Маладзечна” і схавалі пад тканіну. А на месцы помніка гарадскія ўлады ўсталявалі пластычную кампазіцыю, якая сімвалізуе паганскае Купалле. Пры гэтым чыноўнікі матывавалі свае дзеянні добраўпарадкаваннем і перапланаваннем Цэнтральнай плошчы напярэдадні “Дажынак”.

 

Перад самым святам ўраджаю помнік перанеслі яшчэ на 250 метраў і ўсталявалі каля перакрыжавання вуліц імя Пятра Машэрава і Вялікі Гасцінец недалёка ад агароджы гарадского парку. Трэба адзначыць, што помнік, першапачаткова ўзведзены на ўзвышшы, кожны раз апускалі ўсё ніжэй і ніжэй.

 

У сувязі з падрыхтоўкай гораду да традыцыйнага свята — фэсту беларускай песні і паэзіі, што адбыўся 7 чэрвеня, каля помніка была пракладзена забрукаваная сцежка.

 

Урэшце днём 28 чэрвеня мясцовыя ўлады з дапамогай цяжкай будаўнічай і дарожнай тэхнікі спачатку адкалолі частку каменя з крыжам, затым раскалолі крыж-помнік, а знявечаныя яго парэшткі звезлі ў невядомым накірунку.

 

Гараджане да гэтага часу не ведаюць, чаму гэта адбылося і дзе парэшткі помніка. Аднак людзі дагадваюцца, што апаганьванне і зруйнаванне крыжа-помніка “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” — гэта адказ уладаў на зварот папы рымскага Францішка, які абвясціў пра сваю салідарнасць з пакутнікамі за Беларусь, а таксама сігнал патрыярху Кірылу напярэдадні яго візіту ў Беларусь. Такім чынам, хрысціянам Маладзечна ёсць што паказаць пантыфіку, галаве Рускай праваслаўнай царквы і ўсяму хрысціянскаму свету.  

 

Аповед Лявон Цімохін заключыў радкамі вершу “Яма” з свайго зборніку паэзіі “Зорны коннік” (2003):

 

Яма. Чырвоная гліна. Пясок.

Крыж паламаны, а дрэвы, як краты.

З крыжнай дарогі сіпаты гудок

і зноў варанок — гэта Мінск, Курапаты!”. 

Каментаваць