У Масквы не хопіць сіл паглынуць Беларусь, лічыць эксперт Аркадзь Мошас

У Расіі не хопіць сіл і рэсурсаў, каб паглынуць Беларусь у рамках праекта еўразійскай інтэграцыі. Такое меркаванне выказаў Аркадзь Мошас, эксперт Фінскага інстытута міжнародных адносінаў, адказваючы на пытанне БелаПАН 26 мая на канферэнцыі "Будучыня Беларусі" ў Вільнюсе.

У Расіі не хопіць сіл і рэсурсаў, каб паглынуць Беларусь у рамках праекта еўразійскай інтэграцыі. Такое меркаванне выказаў Аркадзь Мошас, эксперт Фінскага інстытута міжнародных адносінаў, адказваючы на пытанне БелаПАН 26 мая на канферэнцыі "Будучыня Беларусі" ў Вільнюсе.

На думку аналітыка, які спецыялізуецца на Расіі і праграме ЕС "Усходняе партнёрства", найвышэйшыя шансы рэалізаваць палітыку рэінтэграцыі на постсавецкай прасторы былі ў Масквы ў 2004—2008 гадах. "Сёння ў Расіі не тыя грошы, яна ўжо не змагаецца дэ-факта за глабальную ролю", — падкрэсліў Аркадзь Мошас. "Сіл усё менш, час не на расійскім баку", — мяркуе эксперт. Да таго ж у Расіі няма "мяккай сілы", прывабнай для краін-партнёраў ідэі, дадаў ён.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка, абараняючы сваю бязмежную ўладу, "па азначэнні не зацікаўлены" пускаць у Беларусь Расію, адзначыў Аркадзь Мошас. Паводле яго слоў, беларускі прэзідэнт "уступае Расіі толькі тое, што для яго асабіста бязбольна". Крэмль жа, са свайго боку, "не можа выбудаваць цэласную лінію ў дачыненні да Беларусі".

Аналітык не выключае, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў у Расіі "можа пачаць нарастаць слабасць і хаос", узмацніцца нацыяналізм, краіна "пойдзе ўразнос". У такім выпадку ў Беларусі можа ўзнікнуць "эфект адарвання ад Расіі". Еўрасаюз, са свайго боку, заклапоціцца, дзе будзе праходзіць яго мяжа з Расіяй, на ўсходзе або на захадзе Беларусі, мяркуе Мошас.

Зрэшты, максімум магчымага для Беларусі ў найбліжэйшыя дзесяць гадоў — "нейкая асацыяцыя з еўрапейцамі", прагназуе Мошас. Найбольш жа верагодна, што ў плане геапалітыкі Беларусь і праз дзесяцігоддзе будзе знаходзіцца ў стане "завісання паміж дзвюма крэсламі", рэзюмаваў эксперт Фінскага інстытута міжнародных адносінаў.

Канферэнцыя "Будучыня Беларусі", якая праходзіць у Вільнюсе 25—26 мая, прысвечана 20-годдзю незалежных даследаванняў у Беларусі і заснавання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД).

Больш чым 100 вядомых вучоных, даследчыкаў, экспертаў, спецыялістаў па пытаннях развіцця, лідараў грамадзянскай супольнасці з Беларусі і замежных краін у ходзе двухдзённай дыскусіі фармулююць канцэптуальнае бачанне перспектыў краіны. Адна з задач — прапанаваць рэкамендацыі, як у цяперашніх умовах можна ўстанавіць сувязь аналітычнай супольнасці, прыхільнікаў дэмакратычных перамен з шырокімі слаямі грамадства.


Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН.

Каментаваць