У мастацкай галерэі Г. Вашчанкі адбылося адкрыццё выставы твораў В.К. Бялыніцкага-Бірулі

У рамках святкавання 140-годдзя з дня нараджэння мастака В.К. Бялыніцкага-Бірулі і 100-годдзя яго дачы “Чайка ў мастацкай галерэі Г. Вашчанкі (г. Гомель) 16 мая адбылося адкрыццё выстаўкі твораў В.К. Бялыніцкага-Бірулі.



У рамках святкавання 140-годдзя з дня нараджэння мастака В.К. Бялыніцкага-Бірулі і 100-годдзя яго дачы “Чайка ў мастацкай галерэі Г. Вашчанкі (г. Гомель) 16 мая адбылося адкрыццё выстаўкі твораў В.К. Бялыніцкага-Бірулі.


Жыццёвая і творчая біяграфія В.К. Бялыніцкага-Бірулі — простая і характэрная для многіх мастакоў яго пакалення: змалку праяўленая цікавасць да жывапісу, атрыманне прафесійнай адукацыі (спачатку ў Кіеўскай малявальнай школе М.І. Мурашкі, а потым, у 1889–1896 гадах, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства) і праца, творчая, напружаная, у пошуках свайго почырку, манеры, сваёй адметнасці.


Безумоўна, уражанні ранняга дзяцінства моцна паўплывалі на арыгінальнасць мастацтва В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Ён нарадзіўся ў 1872 годзе на Беларусі ў сядзібе Крынкі каля Бялынічаў, што на Магілёўшчыне. Сціплая прыгажосць беларускай прыроды з яе лясамі, пералескамі, палямі, рэчкамі і балотцамі, якія зачароўваюць прастатой матыву, інтымнасцю куточкаў, мяккімі спакойнымі фарбамі, назаўсёды ўвайшлі ў душу будучага мастака. “Маё жыццё з дзяцінства заўсёды звязана з прыродай. У ёй і з ёю я бачыў сэнс жыцця, — пісаў мастак у сваіх успамінах.


Бялыніцкі-Біруля пачаў выстаўляцца яшчэ на вучнёўскіх паказах у Маскоўскім вучылішчы. Потым ён прымаў удзел у працы Таварыства перасоўных мастацкіх выставак, Маскоўскага таварыства мастакоў, Маскоўскага аб’яднання аматараў мастацтва. У 1908 годзе В.К. Бялыніцкі-Біруля атрымаў званне акадэміка жывапісу. А ў 1912 годзе мастак набыў кавалак зямлі і пабудаваў дом з майстэрняй у вельмі прыгожым куточку Цвярской губерні на беразе возера Удомля. Сваю невялікую сядзібу ён назваў “Чайка. Маляўнічая прырода вакол возера Удомля і “Чайкі натхнілі мастака на стварэнне шматлікіх выдатных твораў. З “Чайкай звязана ўсё яго далейшае жыццё і праца — “Апошні снег. «Чайка» і яе наваколлі. Эцюд» (1930-е), “Бэз. «Чайка». Эцюд (1935).


У творчасці В.К. Бялыніцкага-Бірулі пераважае так званы “чысты пейзаж — адлюстраванне прыроды самой па сабе. Добра адчуваючы адметнасць мясцовасці, мастак імкнуўся не столькі выявіць яе канкрэтныя рысы, асаблівасці яе характару, хаця гэта прысутнічае ў кожным пейзажы, колькі перадаць настрой прыроды, які залежыць ад пары года, сутак, асвятлення, а таксама — тыя эмоцыі, якія ўзнікаюць у чалавека ад адносін з прыродай — “Ранняй вясной. Эцюд (1940-я), “Лясная рэчка зімой (1920).


Асаблівае месца ў спадчыне В.К. Бялыніцкага-Бірулі займаюць серыі пейзажаў памятных мясцін, звязаных з А.С. Пушкіным, П.І. Чайкоўскім і інш. Выкананыя з вялікім жывапісным майстэрствам, яны напоўнены глыбокай павагай да памяці выдатных людзей і з велізарнай паэтычнай сілаю апяваюць прыгажосць прыроды — “Святагорскі манастыр. Пушкінскія месцы (1936), “Клін. Сад П.І. Чайкоўскага. Пасля сіняга дажджу. Эцюд (1942), “Трыгорскае. Бяроза ля ракі Сораць» (1936).


Вялікае мноства эцюдаў мастака — асобная частка яго спадчыны. Хутка выкананыя, яны, як правіла, увасаблялі не толькі непасрэдна ўбачанае, не толькі ўпадабаны матыў, але перш-наперш перадавалі стан прыроды, эмацыянальнае ўспрыманне яе самім майстрам. Большая частка шматлікіх эцюдаў – безумоўна, закончаныя, самастойныя творы: “Вячэрняя цішыня. Падмаскоўе. Эцюд (1920-я), “Восеньскі вецер. Вёска Бугрова. Эцюд (1936), “Пачатак палярнай зімы. Рака Церыберка ля Баранцава мора. Эцюд (1935–1937).


У 1947 годзе В.К. Бялыніцкі-Біруля зноў прыязджае на радзіму. “Я не быў больш за сорак гадоў на Беларусі. Але ніколі не забываў яе лясы, рэчкі, азёры, бясконца родныя і блізкія майму сэрцу. З юнацкай парывістасцю, запалам, з зайздроснай энергіяй амаль што месяц у вялікім захапленні працаваў Бялыніцкі-Біруля ў наваколлях Мінска. Ён напісаў некалькі дзясяткаў эцюдаў, якія потым былі перапрацаваны ў цыкл карцін пра Беларусь — “Мінскія наваколлі. Яблыні ў квецені. Беларусь. Эцюд (1947).


Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля памёр у 1957 годзе ў Маскве ва ўзросце 85 гадоў. Яго карціны знаходзяцца ў многіх музеях і прыватных зборах. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваецца самая вялікая калекцыя твораў мастака.


На адкрыцці выстаўкі В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Гомелі выступілі: дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў; мастак Роберт Ландарскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь; Людміла Шымбалёва, дырэктар мастацкай галерэі  Г. Вашчанкі.


Паводле artmuseum.by
 

Каментаваць