У Мінскага ІВВ новы нямецкі дырэктар

Ад 1 кастрычніка ў Мінскім Міжнродным адукацыйным цэнтры імя Яханэса Раў (ІВВ) з’явіўся новы дырэктар з нямецкага боку — Патрык Дэпфнэр. На гэтай пасадзе ён змяніў Вольгу Рэнш, якая адпрацавала ў беларускай сталіцы чатыры гады.



Патрык Дэпфнэр, Віктар Балакіраў і Вольга Рэнш


Вольга Рэнш прыехала ў Мінск у 2012 годзе, прычым, гэта быў часткова вымушаны прыезд. Справа ў тым, што тады без усялякіх тлумачэнняў беларускія ўлады скасавалі візу тагачаснай дырэктарцы ІВВ ад нямецкага боку Астрыд Зам. Вольга Рэнш, якая нарадзілася ў СССР, да гэтага 25 гадоў пражыла ў Нямечыне, натуральна, дасканала валодае рускай мовай, што рабіла істотныя перавагі ў яе працы. Бо сутыкацца, і вельмі часта, даводзілася, з тутэйшымі чыноўнікамі, і не толькі. А кантакты без перакладчыка, як вядома, у вялікай колькасці выпадкаў прыносяць большы плён.  

І варта адзначыць, ёй атрымалася знайсці агульную мову з рознымі беларусамі, у тым ліку і высокапастаўленымі. І гэта не выпадкова, бо ІВВ з’яўляецца не толькі і не столькі гуманітарнай ці дабрачыннай установай, але і камерцыйным прадпрыемствам, 50 адсоткаў акцый ягога належаць Мінскаму гарвыканкаму. Па словах беларускага дырэктара ІВВ Віктара Балакірава, гэта ўнікальны выпадак, калі ўладальнікам належыць роўная колькасць акцыяў, і рашэнні прымаюцца не па сістэме адзінаначальства, але кансенсусам.

2 кастрычніка ў Мінскім ІВВ адбыліся ўрачыстыя провады Вольгі Рэнш, якая цяпер будзе працаваць у ІВВ-Дортмунд, але ў яе кампетэнцыю будуць уваходзіць і пытанні супрацоўніцтва з Беларуссю. Таму, адзначыў выканаўчы дырэктар Дортмундскага ІВВ Петэр Юнгэ-Вэнтруп, які, дарэчы, быў самым першым нямецкім дырэктарам Мінскага ІВВ, Вольга Рэнш і надалей будзе прыязджаць у Беларусь.

Удзячнасць за працу цягам гэтых чатырох гадоў Вользе Рэнш выказалі прадстаўнікі сталічнага гарвыканкаму, розных міністэрстваў, у тым ліку МЗС, амбасады ФРГ, а таксама грамадскіх арганізацыяў Беларусі і Нямеччыны, святары розных канфесіяў. Вольга Рэнш, у сваю чаргу, сказала, што была вельмі шчаслівая працаваць у Беларусі гэтыя чатыры гады, хоць праца гэтая была далёка нялегкай.

Яе на пасадзе нямецкага дырэктара Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра змяніў 37-гадовы Патрык Дэпфнэр, які мае даволі вялікі досвед працы ў якасці мэнэджара буйных установаў. Ён цудоўна размаўляе па-руску, бо да прызначэння ў Мінск 10 гадоў адпрацаваў у Расіі і яшчэ 5 — у Казахстане. У Мінск Патрык Дэпфнэр прыехаў разам з сям’ей — жонкай і гадавалым дзіцяткам. Апошнія два тыдні спадар Дэпфнэр знаёміўся са справамі, якія яму перадавала Вольга Рэнш.  

  Вольга Рэнш, Петэр Юнгэ-Вэнтруп

Каментаваць