У Мінску абмяркуюць будучыню Форума грамадзянскай супольнасці

4 лістапада лідары грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый збяруцца ў Мінску на Канферэнцыі Нацыянальнай платформы ФГС УП “Будучыня Форума грамадзянскай супольнасці ў фокусе трэцяга Саміта Усходняга партнёрства”.

 



Напярэдадні Канферэнцыі новаабраны нацыянальны каардынатар, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў у лісце да ўдзельнікаў НП прадставіў сваю ацэнку актуальнай сітуацыі і бачанне прыярытэтных задач для развіцця ФГС УП і беларускай грамадзянскай супольнасці.

Па яго словах, агульны стан арганізацыі апошняга Форума ГС УП у Кішынёве і ўзровень выніковых дакументаў сведчаць хутчэй пра тое, што апошнім часам як сам Форум грамадзянскай супольнасці УП, так і беларуская Нацыянальная платформа страцілі сваю стратэгічную дынаміку. Гэта ставіць удзельнікаў Нацыянальнай платформы перад неабходнасцю рэфлексіі працы папярэдняга этапу, разважанняў і змястоўнага дыялогу пра будучае развіццё: выпрацоўку як праграм, канцэпцый на перспектыву, так і планаў бліжэйшага развіцця.

Варта пазначыць, што адным з сур’езных і важных кантэкстаў для Канферэнцыі з’яўляецца  лістападаўскі Саміт УП у Вільні, які ў пэўнай ступені рапачне новы этап развіцця ўсёй праграмы Усходняга партнёрства. Як адзін з сур’езных выклікаў для грамадзянскай супольнасці, гэты момант аналізаваўся прадстаўнікамі Нацыянальнай платформы ў адкрытым звароце 30 верасня 2013 г.. Можна прагназаваць, што пасля трэцяга Саміта УП усе ўсходнія краіны-суседзі будуць падзеленыя на дзве няроўныя часткі — падпісаўшых і не падпісаўшых пагадненне аб асацыяцыі з ЕС, што, канешне, адаб’ецца і на ступені канцэнтрацыі ўвагі з боку ЕС да гэтых краінаў.

Якія выклікі для грамадзянскай супольнасці стварае гэтая сітуацыя? Якія агульныя задачы будучага развіцця стаяць перад Форумам як адным з элементаў і зацікаўленых бакоў Усходняга партнёрства? Што павінна стаць планамі актыўнасці беларускай  Нацыянальнай платформы ў бліжэйшай перспектыве? Гэтым і іншым задачам будзе прысвечаная Канферэнцыя, маючая адбыцца 4 лістапада 2013 г. у Мінску. Да ўдзелу ў ей запрошаныя як сталыя ўдзельнікі Нацыянальнай платформы, якія падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве, так і іншыя арганізацыі (без права голасу).

Усю актуальную інфармацыю пра Канферэнцыю, інтэрв’ю з ключавымі асобамі можна знайсці на сайтах: npbelarus.info, eurobelarus.info

Даведка:

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства была заснавана ў ліпені 2010 года і стала агульнай пляцоўкай для кансалідацыі і каардынацыі дзеянняў арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі дзеля дэмакратызацыі краіны і набліжэння да еўрапейскіх стандартаў ва ўсіх сферах жыцця грамадства. У кастрычніку 2011 года быў прынятыМемарандум аб супрацоўніцтве ў межах Нацыянальнай платформы, які замацоўвае асноўныя прынцыпы, каштоўнасці і мэты дзейнасці Нацплатформы. Мемарандум адчынены для падпісання ўсімі зацікаўленымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці краіны. Арганізацыі, якія падпісалі Мемарандум, атрымалі статус сталых удзельнікаў Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці. У лістападзе 2012 года была таксама прынята Канцэпцыя развіцця і дзейнасці Нацыянальнай платформы.

Каментаваць