У Мінску адбылася прэм’ера фільму “Гітлер і Сталін: тыраны-блізняты”

6 сакавіка ў Мінску, на чарговым пасяджэнні дыскусійнага кінаклуба “Невядомая Беларусь”, адбылася прэм’ера 52-хвіліннага амерыканскага каляровага дакументальна-публіцыстычнага фільму “Гітлер і Сталін: тыраны-блізняты”, створанага ў 2000 годзе.



У снежні 1913 года двое нікому не вядомых мужчын, расчараваных у акаляючым іх свеце, бадзяліся па вуліцах Вены. Хто б мог паверыць, што гэтыя надзвычай бедныя няўдачнікі неўзабаве будуць вырашаць лёс планеты? Як кожны з іх змог скарыстацца палітычнымі абставінамі ў сваёй краіне і дасягнуць абсалютнай улады? Чаму яны адправілі мільёны людзей на бессэнсоўную смерць?

Стужка з’яўляецца першым вялікім дакументальным фільмам для тэлебачання, прысвечаным псіхалагічным біяграфіям дзвюх тыранаў, агаляе пужаючыя паралелі і яркія адрозненні ў жыцці дзвюх самых магутных і крыважэрных асоб у гісторыі. У стужцы выкарыстаны рэдкія кадры з кінаархіваў Расіі, Германіі, краін Усходняй Еўропы, Вялікабрытаніі і ЗША. Найбольшай увагі заслугоўваюць да гэтага часу нідзе раней не апублікаваныя здымкі маці Сталіна, каляровая хроніка яго пахавання і фрагменты з унікальнага савецкага прапагандысцкага фільму аб выпраўленча-працоўных лагерах на Салавецкіх астравах каля Паўночнага палярнага круга.

Як адзначыў даследчык гісторыі палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму Ігар Кузняцоў, дэманстрацыя фільму праводзілася з нагоды 60-годдзя з дня смерці Іосіфа Сталіна 5 сакавіка 1953 года і 80-годдзя прыходу Адольфа Гітлера да ўлады ў Германіі 30 снежня 1933 года. Гісторык прывёў вынікі адказаў мінчан на пытанне журналістаў тэлеканалу Белсат: “Як вы ставіцеся да асобы Сталіна?” “Ніхто з апытаных не характарызаваў Сталіна абсалютна адмоўна і абсалютна станоўча. Аднак прыкладна палова апытаных (пераважна людзі сталага веку) далі Сталіну ў асноўным станоўчую характарыстыку, а другая палова (пераважна моладзь і людзі сярэдняга ўзросту) адзначылі ў асноўным адмоўную ролю Сталіна ў савецкай гісторыі. Пры гэтым ніхто не гаварыў пра неабходнасць вяртання сталінізму. Апытанне пацвердзіла, што ў Беларусі нашмат менш, чым у Расіі, актыўных прыхільнікаў Сталіна”, — сказаў гісторык. Паводле ягоных слоў, дэсталінізацыя грамадства, распачатая ў сярэдзіне 1980-х гадоў, завяршылася ў 1995–1996 гадах. “Пра гэта сведчыць тое, што пасля 1996 года зніклі публікацыі ў дзяржаўных СМІ па гісторыі сталінізму, была расфарміраваныя адпаведная рабочая група ў акадэмічным Інстытуце гісторыі і камісія Вярхоўнага Савета па рэабілітацыі ахвяраў палітрэпрэсій. Потым і недзяржаўныя СМІ пачалі ігнараваць гэтую тэму, матывуючы сваю пазіцыю неабходнасцю асвятляць палітычныя актуаліі. Вось чаму ў краіне ў наяўнасці сіндром 1937 года і грамадзянская апатыя”, — адзначыў Кузняцоў.

На  думку былога вязня ГУЛАГу Уладзіміра Раманоўскага, ідэі камунізму, якія былі дамінуючымі падчас сталінізму, сёння не карыстаюцца аніякай папулярнасцю сярод моладзі. “Але ад сталінскага часу застаўся страх перад уладаю. І гэты страх перадаецца юнакам і дзяўчатам іх бацькамі і продкамі”, — падкрэсліў Раманоўскі.

Былы вязень ГУЛАГу Сяргей Ханжанкоў звязвае свае надзеі на збаўленне ад сталінізму ў свядомасці беларусаў з новым еўрапейскім пакаленнем маладых жыхароў Беларусі, што спавядае агульначалавечыя, а не камуністычныя каштоўнасці.  

Каментаваць