У Мінску адбылася вечарына памяці Вацлава Гаўла

Імпрэза прайшла 9 студзеня ў амбасадзе Чэшскай Рэспублікі, што размешчана ў Мінску на Музычным завулку.



Вечарыну памяці знакамітага чэшскага прэзідэнта традыцыйна ўжо чацвёрты год запар арганізуе Рух «За Свабоду».
 
 
Сёлета мерапрыемства ладзілася ў дыпламатычным прадстаўніцтве і мела абмежаваны фармат. Тым не менш, на вечарыне прысутнічала шырокае кола палітыкаў, грамадскіх дзеячоў, экспертаў, пісьменнікаў, журналістаў. Сярод прысутных былі Уладзімір Арлоў, Аляксандр Тамковіч, Марына Адамовіч, Аляксей Кароль, Андрэй Фёдараў, Сяргей Чалы, Уладзімір Падгол, Жана Літвіна, Мечыслаў Грыб, Алег Трусаў, Рыгор Кастусёў, Павал Севярынец, Франак Вячорка, Таццяна Каліноўская, Юры Зісер, Уладзімір Дунаеў, Алесь Бяляцкі, Гары Паганяйла, Мікола Купава, Андрэй Хадановіч, Зміцер Вайцюшкевіч.
 
 
Вечарыну вёў намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец.
 
 
Амбасадар Чэшскай рэспублікі Мілан Экерт у вітальным слове ўзгадаў асноўныя вехі біяграфіі Вацлава Гаўла і ролю выбітнога палітыка ў пабудове суверэннай, свабоднай, дэмакратычнай Чэхіі.
 
 
Пра паважлівае стаўленне славацкага народу да Вацлава Гаўла, дзякуючы якому падзел Чэхаславакіі адбыўся мірна і спакойна, распавёў амбасадар Славакіі Міраслаў Майжыта. «Першая самая высокая ўзнагарода Славакіі была перадана Вацлаву Гаўлу», — адзначыў спадар пасол.
 
 
Перад прысутнымі выступіў таксама былы старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Грыб. Паводле яго слоў, Гавэл быў сапраўды вялікім і адкрытым палітыкам, ён вызначаўся тым, што ніколі не помсціў сваім палітычным праціўнікам, а ўлада для яго была не самамэтай, як для некаторых дыктараў, а сродкам для таго, каб зрабіць сваю краіну незалежнай, заможнай і дэмакратычнай. Спадар Грыб адзначыў, што ў Беларусі да Гаўла ставяцца з вялікай павагай. На думку прамоўцы, абавязкова прыйдзе той час, калі на Беларусі з’явіцца свой Вацлаў Гавэл.
 
 
Кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі ў прамове адзначыў, што Гавэл ставіў у свой час шэраг пытанняў перад грамадствам, якія актуальныя для нас зараз. Ён быў упэўнены ў непазбежнасці дэмакратычных зменаў і дзейнічаў у палітыцы творча, што дапамагло яму перамагчы. «Гавэл разумеў, што толькі аб’яднаўшыся разам можна дамагчыся палітычных зменаў. Гэта вельмі актуальна для цяперашняй Беларусі», — падсумаваў Алесь Бяляцкі.
 
 
Старшыня беларускага ПЭН-цэнтру, паэт Андрэй Хадановіч адзначыў, што Гавэл быў не толькі яскравым палітыкам, але і выбітным публіцыстам. Зборнік публіцыстыкі Вацлава Гавэла на беларускай мове «Жыццё ў праўдзе» выдавецтва Логвінаў, на думку Хадановіча, — найлепшая кніга 2014 года. Паводле старшыні ПЭН-цэнтру, Вацлаў Гавэл на прыкладзе свайго жыцця станоўча адказаў на пытанне ці магчыма сумясціць высокую палітыку і маральнасць. «Сітуацыя ў Беларусі вельмі падобная на тую, якая была ў Чэхаславакіі ў 70-х гадах. Што рабіць у гэтай сітуацыі? Адказ у эсэ «Сіла бяссільных». Калі казаць адным словам — гэта салідарнасць!» — падкрэсліў Андрэй Хадановіч.
 
 
Падчас вечарыны таксама адбылася прэзентацыя зборніка публіцыстыкі Вацлава Гавэла ў перакладзе на беларускую мову «Жыццё ў праўдзе», прагляд стужкі Вацлава Гавэла «Odchazeni» і невялічкі фуршэт.

Каментаваць