У Мінску адбыўся круглы стол да гадавіны расстрэлу афіцэраў польскага войска

15 красавіка ва Управе БНФ у Мінску адбыўся круглы стол “Забыты спіс” — да 74-й гадавіны расстрэлу на тэрыторыі Беларусі афіцэраў польскага войска.



Удзельнікі круглага стала


Гісторык Ігар Кузняцоў распавёў прысутным аб сутнасці праблемы і падрабязна спыніўся на характарыстыцы савецкіх архіўных дакументаў па катынскай тэматыцы. Таксама даследчык прааналізаваў “тэхналогію”, якой карысталася мінскае НКУС пры расстрэле так званага “польскага кантынгенту” у 1940-1941 гадах . На думку даследчыка не варта звужаць рамкі дадзенай праблематыкі толькі падзеямі вясны 1940 года. Не менш жкдаснымі, па меркаванні Ігара Кузняцова, з’яўляюцца і расстрэлы ў чэрвені 1941 года, учыненыя НКУС падчас “эвакуацыі” зняволеных з турмаў.

Падзеі, звязаныя з  “вызвольным паходам Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў верасні 1939 года”, да сённяшняга дня неадназначна ацэньваюцца гісторыкамі розных краін. Польскія даследчыкі называюць іх “агрэсіяй”, або “чацвёртым падзелам Рэчы Паспалітай”. Частка беларускіх і расійскіх гісторыкаў кажуць пра “акт гістарычнай справядлівасці” з боку Савецкага Саюза, які “прыйшоў на дапамогу адзінакроўным братам беларусам і ўкраінцам”.

Але ў выніку гэтага паходу ў савецкім палоне апынулася значная колькасць не толькі салдат Войска Польскага і паліцэйскіх , але і супрацоўнікаў польскага дзяржаўнага апарату і грамадзянскіх асоб. Арышты гэтых польскіх грамадзян працягваліся з верасня 1939 года па чэрвень 1941 года. Частка арыштаваных папоўніла шэрагі зняволеных ГУЛАГу, а іх сям’і бязлітасна дэпартаваліся. Іншыя па рашэнні Палітбюро ад 5 сакавіка 1940 года былі прысуджаныя да расстрэлу і пакараныя ў Катыні, Асташкаве, Медным, Харкаве, Кіеве, Мінску, а таксама ў турмах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

У 1994 годзе Службай бяспекі Украіны быў знойдзены і перададзены Польшчы так званы “Украінскі катынскі спіс” - дакумент, у якім утрымліваліся прозвішчы 3435 польскіх грамадзян, расстраляных НКУС на тэрыторыі УССР. Большасць польскіх і беларускіх даследчыкаў сталінскіх злачынстваў лічаць, што павінен быць і аналагічны “Беларускі катынскі спіс”. 

У дакладной запісцы Старшыні КДБ СССР Аляксандра Шалепіна ад 3 сакавiка 1959 г. у прыватнасці адзначалася, што “у распараджэнні КДБ на той час знаходзіліся уліковыя справы на 7305 польскіх грамадзян, расстраляных у лагерах і турмах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Калі адняць ад гэтага ліку колькасць людзей з “Украінскага катынскай спісу”, то атрымліваецца, што на тэрыторыі БССР было расстраляна 3870 грамадзян Польшчы.

Пад час круглага стала кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў падкрэсліў, што, разглядаючы гісторыю “Беларускага катынскага спісу”, не карэктна казаць толькі аб польскіх афіцэрах. Увесну 1940 года ў распараджэнні мінскага НКУС былі не толькі польскія вайскоўцы і супрацоўнікі паліцыі, але і шматлікія цывільныя асобы, перш за ўсё, землеўладальнікі, памешчыкі і асаднікі. Не варта забываць, што ў 1940-1941 гадах у руках НКУС на тэрыторыі БССР знаходзіліся не толькі польскія грамадзяне, але і падданыя трэціх краін, на прыклад, французы, брытанцы. Многія з гэтых людзей былі сярод вязняў турмаў, якіх пасля нападу Гітлера на Савецкі Саюз бальшавікі спрабавалі эвакуіраваць на Усход, але часцей за ўсё гэтыя этапы заканчваліся расстрэламі.

Мельнікаў прадставіў увазе гасцей круглага стала гісторыі некалькіх польскіх грамадзян, жыхароў Заходняй Беларусі, імёны якіх, хутчэй за ўсё фігуруюць ў сумна вядомым “Беларускім катынскім спісе”.

Абмеркаванне:

  • Ланскі
  • 2014-04-17 01:14:19
праўду трэба ў маскоўскіх архівах шукаць, а беларусам проста трэба памятаць тую трагедыю

Каментаваць