У Мінску адчыніўся «ДынаПарк»

На тэрыторыі мінскага заапарка адчыніўся Парк дыназаўраў.  Павел Печанько падзяліўся першымі ўражаннямі ад наведвання атракцыёну.



Дзень адкрыцця «ДынаПарку» сабраў шмат ахвочых пабачыць новы атракцыён. Увесь час падыходзяць новыя людзі — сёння святочная праграма працягнецца да самага вечара. А 1 жніўня абяцаюць святочны канцэрт.

Што праўда, не ўсе гатовыя плаціць за квіток 110 тысяч. Сям'і з трох чалавек наведванне абыйдзецца ў 20 долараў. Быў сведкам, як некаторыя наведнікі цэлымі сем’ямі разварочваліся адразу каля касы.

Пакуль што «ДынаПарк» выглядае даволі сыравата: шмат участкаў голай зямлі без газону. Магчыма, траву ўжо пасеялі, але пакуль усё нагадвае нядаўна прыбраную будаўнічую пляцоўку.

Самі дыназаўры выглядаюць дастаткова відовішчна. І дарослыя і дзеці ахвотна фатаграфуюцца каля муляжоў. На месцы  можна набыць тэматычныя маскі, балонікі і іншыя атрыбуты падобных мерапрыемстваў. З мінусаў трэба адзначыць наступны момант. Побач з паркам у дзень адкрыцця было шмат прыватных аўто. Гэта наводзіць на думкі, што новы атракцыён можа ўскладніць і без таго бязрадасную сітуацыю з парковачнымі месцамі побач з заапаркам.

А вось як парк прэзентуюць яго арганізатары: «ДынаПарк ў Мінску — гэта дзіўны свет, дзе адсутнічаюць межы паміж сучаснасцю і дагістарычнай эпохай. Вы зможаце перанесціся з рэальнасці ў свет, які існаваў мільёны гадоў таму і пазнаёміцца з вялізнымі дыназаўрамі. Вашай увазе прадстаўлены фігуры дыназаўраў у рэальную велічыню. Рэалістычныя экспанаты рухаюцца, выдаюць гукі, моргаюць і нават дыхаюць. Парк дыназаўраў разлічаны на шырокую публіку: ад самых маленькіх да самых старэйшых членаў Вашай сям'і».

Усяго для «ДынаПарка» набылі 35 дыназаўраў. З іх 25 могуць рухацца і выдаваць гукі, яшчэ 10 — статычныя фігуры.

Фота Паўла Печанько

Каментаваць