У Мінску адзначылі 10-годдзе Гістарычнай майстэрні

Вечарам 22 сакавіка ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау (Мінскі МАЦ) адбылося святкаванне 10-годдзя Гістарычнай майстэрні — беларуска-германскага праекту, заснаванага ў 2003 годзе Дортмундскім і Мінскім МАЦ, а таксама Саюзам беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын (СБГГАА).



Кузьма Козак, Віктар Балакіраў, Петэр Юнге-Вентруп і старшыня СБГГАА Леанід Левін


У святкаванні ўдзельнічалі больш за 200 сяброў Гістарычнай майстэрні з Беларусі і ФРГ, у тым ліку гісторыкі, выкладчыкі, студэнты, школьнікі і валанцёры, былыя вязні гета і нацысцкіх лагераў смерці, остарбайтэры і ўдзельнікі антыфашысцкага супраціву.

Дырэктар Мінскага МАЦ Віктар Балакіраў назваў Гістарычную майстэрню ўнікальным праектам, ініцыяваным дырэктарам Дортмундскага МАЦ Пітэрам Юнге-Вентрупам. “Як месца памяці, майстэрня знаходзіцца на тэрыторыі былога Мінскага гета, вывучае яго гісторыю, мінулае лагера смерці Трасцянец і іншых месцаў злачынстваў нацыстаў у Беларусі, а таксама запрашае да гэтай працы ўсіх жадаючых. Майстэрня адкрывае мажлівасць усім зацікаўленым, сведкам вайны і навукоўцам з розных краін весці дыялог, выказваць сваю пазіцыю і змагацца з забабонамі. Заснавальнікі майстэрні лічаць, што такое сумеснае абыходжанне з гісторыяй з’яўляецца не толькі важнай перадумовай дзеля ўзаемаразумення і прымірэння паміж былымі ваеннымі праціўнікамі, але і крокам у вывучэнні бязмежнай гісторыі Халакосту і Другой сусветнай вайны. Майстэрня распрацоўвае матэрыялы для студэнтаў і выкладчыкаў па асобных тэмах Другой сусветнай вайны і нацысцкай акупацыі Беларусі, прапаноўвае адукацыйныя праграмы для зацікаўленых груп насельніцтва і мажлівасць асабістага інтэрв’ю са сведкамі падзей. Майстэрня займаецца даследаваннем раней закрытых тэмаў мінулай вайны, публікуе вынікі ўласных даследаванняў і асабістыя ўспаміны сведкаў, выпускае навуковыя зборнікі, збірае архіўныя матэрыялы і арганізуе семінары, канферэнцыі і навуковыя клубы”, — сказаў Балакіраў.

Сярод перспектыў Гістарычнай майстэрні яе кіраўнік Кузьма Козак назваў стварэнне мемарыялу ў Трасцянцы, дзе падчас Другой сусветнай вайны знаходзіўся самы вялікі лагер смерці на тэрыторыі Беларусі і была знішчана большая частка з 30 тысяч дэпартаваных у Мінск габрэяў з Германіі, Аўстрыі і Чэхаславакіі. “Мы выступае за тое, каб у Трасцянцы быў створаны ўхвалены беларускім бокам помнік з фінансавай падтрымкай нямецкага і, мажліва, аўстрыйскага бакоў. Мы жадаем, каб гісторыя Трасцянца і Мінскага гета стала неад’емным элементам еўрапейскай культуры памяці пра вайну”, — сказаў Козак. Ён лічыць неабходным, каб ваенная трагедыя беларусаў заняла больш важкае месца ў еўрапейскай культуры памяці пра вайну, каб праца майстэрні пашырылася за межы сталіцы і каб ўсе гэтыя напрамкі атрымалі адпаведную фінансавую падтрымку.

        

Падчас святкавання яго ўдзельнікам былі прадстаўлены вынікі 10-гадовай працы майстэрні, а таксама яе новыя выданні на рускай, нямецкай і англійскай мовах: “Гістарычная майстэрня ў Мінску — гістарычны праект на аўтэнтычным месцы” і “Вайна на знішчэнне. Злачынствы вермахта.1941–1944. Курт Вафнер — салдат ахоўнага батальёну ў Беларусі. Фатаздымкі і лісты”.

Фота аўтара

Каментаваць