У Мінску адзначылі 90-годдзе з дня народзінаў Артура Вольскага

23 верасня ў Мінску, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася вечарына “Дабяруся да нябёс”, прысвечаная 90-годдзю з дня народзінаў вядомага беларускага дзіцячага пісьменніка і грамадскага дзеяча, ветэрана Другой сусветнай вайны Артура Вольскага.



Ён — прадстаўнік слыннага роду Вольскіх. Яго бацька — Віталь Вольскі — вядомы драматург, празаік, вучоны, аўтар праслаўленай камедыі "Несцерка", а сын — Лявон Вольскі — вядомы беларускі музыка, лідэр рок-гурту “N.R.M”.

Генадзь Бураўкін называў Артура Вольскага першапраходцам ва ўсе часы: адзін з першых патомных беларускіх пісьменнікаў, адзін з першых пасляваенных літаратараў, якія пачыналі мудра і даходліва гаварыць з юным чытачом, адзін з заснавальнікаў дзіцячага часопіса "Вясёлка".

У вечарыне памяці ўдзельнічалі сваякі, калегі і сябры Артура Вольскага, а таксама вучні Мінскай гімназіі №25 — былой Мінскай узорнай чыгуначнай беларускай школы №25 імя Аляксандра Чарвякова, дзе некалі вучыўся літаратар. 

Удава пісьменніка, заслужаная артыстка Беларусі Ларыса Горцава прачытала выбраныя вершы свайго мужа  

Паэт Мікола Чарняўскі звярнуў увагу на чалавечыя якасці Артура Вольскага: “Ён з дабрынёю і цеплынёю адносіўся да людзей рознага веку і ўсім стараўся дапамагчы. Калі пачынаў гаворку з дзецьмі, прадстаўляўся боцманам (пад час Другой сусветнай вайны Артур Вольскі служыў боцманам на ваенным караблі Ціхаакеанскага флоту — М.Г.). І гэта бянтэжыла хлопчыкаў і дзяўчынак, бо яны не ведалі, хто такі боцман. У дзяцей узнікаў інтарэс да асобы паэта. А ён гэты інтарэс задавольваў, потым пачынаў чытаць свае вершы з гумарам, якія носяць казачны і пазнавальны характар. Паколькі ў гутарцы з Артурам Вольскім дзеці рабілі для сябе нейкі адкрыцці, гэтыя сустрэчы вельмі падабаліся хлопчыкам і дзяўчынкам. Я таксама вучыўся ў Артура Вольскага, як знаходзіць сцяжынку да дзіцячага сэрца, каб не было пустаты, а была нейкая думка, якая спадабаецца і будзе цікавая дзецям”, — сказаў Мікола Чарняўскі. Ён пажадаў дзецям “многа святла, дабрыні і чуласці, якія прысутнічалі ў творах Артура Вольскага і чаго нам зараз так не стае”.

Актор Беларускага тэатра юнага гледача Мікола Лявончык назваў Артура Вольскага “гісторыяй і легендай тэатра” і распавёў пра знаёмства з літаратарам: “Калі я ў 1977 годзе прыйшоў у тэатр маладым артыстам, дырэктарам якога быў Артур Вольскі, маё першае ўражанне было — ён не падобны на дырэктара. Да яго заходзіць у кабінет малады артыст, хлопчык, а ён выходзіць са стала і вітаецца са мной, як з дарослым. Гэтую першую сустрэчу з паэтам я запомніў на ўсё жыццё”.   

Паэтка Раіса Баравікова назвала Артура Вольскага “наіўным рамантыкам і мудрым філосафам, адважным грамадскім дзеячам, які смела змагаўся за беларускую мову, за нацыянальную адметнасць і незалежнасць Беларусі”, а затым прачытала верш паэта “Выйшаў зайчык пагуляць”, што быў апублікаваны ў адным з нумароў часопіса “Вясёлка” за 1960 год.

Каментаваць