У Мінску каля Чырвонага касцёлу адбыўся малебен

Вечарам 23 лютага ў Мінску на плошчы Незалежнасці адбыўся малебен за тых, хто нас уратаваў. У малебне каля Чырвонага касцёла (касцёла святых Сымона і Алены) ўдзельнічалі 10 сябраў грамадскай ініцыятывы “За волю”.

 



Побач са скульптурнай кампазіцыяй архангела Міхала, які забівае змея, грамадскія актывісты запалілі знічкі свабоды каля партрэтаў палітвязняў, а таксама каля выявай адышоўшых у лепшы свет: Ірыны Казулінай — жонкі Аляксандра Казуліна, Галіны Малчанавай — маці палітвязня Аляксандра Малчанава, Вольгі Дашкевіч — маці палітвязня Змітра Дашкевіча, праваабаронцаў Крысціны Шацікавай, Яны Паляковай. Прысутныя ўсклалі кветкі, памаліліся за ўсіх тых, хто знаходзіцца за кратамі за свае грамадзянскія перакананні, а таксама за іх родных і блізкіх, праспявалі беларускі духоўны гімн “Магутны Божа”. Над плошчай прагрымелі заклік: “Жыве Беларусь!” і адказ на яго — “Жыве з Богам!”.

За малебнам назіралі пяць супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, праводзіўся відэазапіс.

У інтэрв’ю НЧ каардынатар ініцыятывы “За волю” Ганна Шапуцька адзначыла, што яна з сябрамі вырашылі падтрымаць прапанову журналісткі беларускай службы радыё "Свабода", якая прапанавала грамадскасці адзначаць 23 лютага як Дзень родных палітвязня — у гонар жонкі Аляксандра Казуліна Ірыны, якая адышла ў лепшы свет 23 лютага 2008 года. “Вось чаму сёння мы маліліся не толькі за палітвязняў, але і за тых, хто з’яўляўся іх сапраўднымі абаронцамі”, — сказала Шапуцька. Яна звярнула ўвагу на тое, што міліцыянты не перашкаджалі правядзенню малебна, хаця і папярэдзілі, каб сябры ініцыятывы не мітынгавалі, не трымалі партрэты палітвязняў у руках і не ўздымалі бел-чырвона-белы сцяг.

Спадарыня Ганна выказала надзею, што адзначэнне 23 лютага як Дня родных палітвязня стане традыцыйным, і пажадала родным зняволеных здароўя і цярпення, каб дачакацца з-за кратаў сваіх любімых.

Малебен за палітвязняў адбываецца больш за два гады і праводзіцца штовечар а 20.00 з 19 студзеня 2011 года каля Чырвонага касцёла, дзе 19 снежня 2010 года міліцыянты збівалі дэманстрантаў — удзельнікаў шматтысячнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Каментаваць