Вечарына да 20-годдзя “Менскай вясны–96” (+фота)

Вясной 1996 года шматлікія беларускія грамадзяне выйшлі на мінскія вуліцы з рашучым пратэстам супраць падпісання саюзнай дамовы з Расійскай Федэрацыяй, якая пагражала стратай суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.



Магутныя пратэстныя акцыі вясной 1996 года скаланалі сталіцу некалькі разоў. Рухавікамі іх былі Беларускі народны фронт, актыўная студэнцкая моладзь, нацыянальная інтэлігенцыя. Галоўны праспект сталіцы перакрывалі дзясяткі тысяч чалавек. Відавочцы тых падзей кажуць пра мора людзей, бел-чырвона-белае неба над галовамі і спалоханую міліцыю. Мяркуецца, што рашучыя акцыі ў абарону незалежнасці паўплывалі на істотнае змягчэнне апошняй рэдакцыі Саюзнай дамовы, якую падпісалі Мінск і Масква. Саюз дзвюх дзяржаў так і не стаў рэальнасцю.

На вечарыне ў сядзібе ПБНФ выступалі Вячаслаў Сіўчык, Лявон Баршчэўскі, Павал Севярынец, Зміцер Захарэвіч, Анатоль Фёдараў, Зміцер Каспяровіч і іншыя ўдзельнікі і відавочцы падзей вясны 1996 года.


Паводле выступоўцаў, пратэсты паказалі ўсяму свету і самому беларускаму народу, што ёсць такая краіна — Беларусь і такая нацыя — беларусы.


Сваімі тагачаснымі ўражаннямі падзяліўся Павал Севярынец, які ўласнаруч сярод студэнтаў раздаў 2200 запрашэнняў на Дзень Волі:


“Спачатку было расчараванне. Здавалася, людзей зусім няшмат. Плошчу перакрылі. Раптам з прылеглых да праспекту вулачак пачалі выходзіць людзі. У лічаныя хвіліны яны запоўнілі праспект ад краю да краю. Мора сцягоў! Гэта былі незабыўныя ўражанні… Адчуванне: сёння мы робім гісторыю!”


На думку Паўла Севярына, час цяжкі і безнадзейны толькі на першы погляд. Ідзе назапашванне сілы. Калі будзе на тое Бож’я воля, народ абавязкова ўскаланецца.


Паводле Змітра Каспяровіча, калі б не “Менская вясна–96”, Беларусь была б ужо часткай Расіі. Зміцер лічыць, што расійскія аналітыкі рэальна спалохаліся магчымага ўзброенага супрацьстаяння ў выпадку аншлюсу Беларусі.


Удзельнік вечарыны Антось распавёў, што калі ў 90-х гадах час жыў у вёсцы, уся яго сям’я разважала так: “Ёсць незалежнасць, яе трэба бараніць”. Ягоныя сваякі сур’ёзна рыхтаваліся да супраціву, успрымалі яго спакойна, як непазбежнасць і норму. “Нават тое, чым займаюцца палітыкі сёння (мітынгі, пікеты, назіранні на так званых выбарах і г.д.), гэта карысна, бо без практыкі паспяховыя дзеянні ў будучыні немагчымыя”, — кажа Антось.
 

На імпрэзе пад гітару выканалі свае песні барды Зміцер Захарэвіч і Зміцер Бартосік.

“Тады была рэальная пагроза незалежнасці, і людзі рашуча выйшлі ў яе абарону. Дай нам Бог узбіцца на сілу, і тады ўсё атрымацца!” — падсумаваў вечарыну Лявон Баршчэўскі.
 

Абмеркаванне:

  • Алена
  • 2016-03-25 14:07:30
Падзяка арганізатару вечарыны Вячаславу Сіўчыку! Толькі тут можна было пачуць з вуснаў Вячаслава, каму павінны быць удзячны беларусы за фінансавую дапамогу, каб 20 гадоў таму адбыўся Дзень Волі , і
іншыя невядомыя шырокаму грамадству цікавыя моманты таго часу. Не меньш інфармацыйна насычанымі і займальнымі былі выступы і іншых удзельнікаўтагачасных падзеяў
  • ВР
  • 2016-03-25 14:17:00
"Паўла Севярына" = "Паўла Севярынца"

Каментаваць