У Мінску прайшла вечарына памяці зніклага палітыка Юрыя Захаранкі

Вечарына, прысвечаная памяці зніклага палітыка Юрыя Захаранкі, адбылася 16 красавіка ў Мінску ў межах кампаніі "Мы не забудзем" аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі "Маладыя хрысціянскія дэмакраты" (МХД).



"Кампанія стартавала 16 сакавіка з вечарыны памяці ўсіх зніклых палітыкаў, — сказала БелаПАН лідар аргкамітэта МХД Марына Хоміч. — Вечарына, прысвечаная Юрыю Захаранку, — першая з персанальных. Наступная адбудзецца 16 мая і будзе прысвечана знікламу журналісту Дзмітрыю Завадскаму. 16 чысло кожнага месяца мы будзем прысвячаць пэўнаму знікламу чалавеку".
 

Гасцямі мерапрыемства сталі сваякі і сябры зніклых палітычных, грамадскіх дзеячаў Беларусі, праваабаронцы. Пасля дэманстрацыі ўрыўка дакументальнага фільма пра знікненне палітыка яны падзяліліся сваімі ўспамінамі пра Захаранку, ідэямі, як утрымаць тэму знікнення людзей у Беларусі на слыху людзей, а таксам прыцягнуць да адказнасці вінаватых у гэтых дзеяннях.
 

Хоміч нагадала прысутным, што, згодна з Крымінальным кодэксам Беларусі, "у 2014 годзе заканчваецца тэрмін даўніны прыцягнення да адказнасці сапраўдных злачынцаў, якія датычныя да знікнення людзей". "Застаўся толькі год, каб аб'яднаць на гэтай глебе ўсіх неабыякавых людзей, палітыкаў, журналістаў, праваабаронцаў, прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці, каб не страціць магчымасць усё-такі дамагчыся пакарання для сапраўдных злачынцаў", — зазначыла яна.
 

Гэтая кампанія МХД пачалася ў той час, калі "нібыта ёсць нейкае ліберальнае пацяпленне — на першы план выходзяць уменне дамаўляцца, саступаць, быць дыпламатам", зазначыў старшыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Віталь Рымашэўскі.
 

"Палітыка — гэта не столькі кулуарныя дамоўленасці і ўступкі, колькі мужнасць, смеласць і ўменне змагацца. Без гэтага ніводзін дыктатарскі, аўтарытарны рэжым не мяняўся", — заявіў ён.
 

Праваабаронца Алег Волчак дэталёва расказаў пра беспаспяховыя расследаванні знікнення Захаранкі, а таксама пра сам характар расследавання, якое, на яго думку, носіць толькі фармальны характар. Тэма расследавання і датычных да яго асоб выклікала бурнае абмеркаванне і хвалю ўдакладняючых пытанняў сярод прысутных.
 

Былы міністр унутраных спраў Беларусі, а ў наступным апазіцыянер Юрый Захаранка знік 7 мая 1999 года пры нявысветленых акалічнасцях.
 

Захаранка нарадзіўся ў 1952 годзе. Падчас выбараў першага прэзідэнта Беларусі ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі. У 1994—1996 гадах кіраваў МУС.
 

Пайшоўшы ў апазіцыю, у 1998 годзе Захаранка стаў членам "ценявога ўрада", дзе ўзначаліў камітэт па бяспецы. Вясной 1999 года генерал актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта. Ён увайшоў у каманду экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра, ездзіў па краіне, арганізоўваў групы па зборы подпісаў.

Карыстаючыся аўтарытэтам сярод супрацоўнікаў МУС, Захаранка стварыў альтэрнатыўны саюз афіцэраў. Па адной з версій, менавіта гэта і стала асноўнай прычынай раптоўнага знікнення былога міністра. Яго выкралі вечарам 7 мая ў раёне вуліцы Магілёўскай у Мінску па дарозе дамоў. Неўзабаве сям'я Захаранкі атрымала палітычнае прыстанішча ў Германіі.

Расследаванне справы па факце знікнення Юрыя Захаранкі так і не завершана. Паводле слоў Волчака, які з'яўляецца даверанай асобай сям'і Захаранкі, раз у тры месяцы ён атрымлівае ад следчых органаў паведамленне аб чарговым працягу папярэдняга расследавання.

 

Каментаваць