У Мінску прэзентавалі «Банду» — першы фільм пра зніклых палітыкаў Беларусі

На сядзібе БНФ прэзентавалі фільм “Банда”, у якім адлюстраваны разбор улік па справе зніклых палітыкаў у Беларусі.



Зніклыя. Менавіта так называюць тых палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, актывістаў і журналістаў, якія у канцы 90-ых —2000-ых аднойчы выйшлі з дому і больш не вярнуліся. Тэма “зніклых” палітыкаў і грамадскіх дзеячаў 90-ых гадоў не зусім папулярная ў Беларусі, калі не браць ва ўвагу перыядычныя выступы з плакатамі на вуліцах і патрабаваннямі даць блізкім адказ на пытанне: “Куды яны зніклі?”. 7 сакавіка, у дзень 16-годдзя са дня знікнення былога Міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, на сядзібе БНФ быў паказаны фільм “Банда”, аўтарам ідэі і прадзюсерам якога з’яўляецца Раіса Міхайлоўская.
 
 
Мэта фільма — захаваць тыя факты і ўлікі, якія маюцца ў праваабарноцаў сёння. І, натуральна, фільм найперш расказвае моладзі тое, аб чым яна больше нідзе не даведаецца. “Шаснаццаць год для чалавечай памяці — гэта вельмі шмат, — упэўнены кіраўнікі праекту. — За шаснаццаць год многае можа сцерціся з памяці, як фактычна сцерліся з памяці і “зніклыя””.
 
 
Калі абгаворваць стан крымінальнай справы Юрыя Захаранкі, то нельга сказаць, што яна закрытая. “Калі справа закрытая, яе выдаюць на рукі родным. А гэта ўладам невыгодна”, — пракаментаваў сітуацыю праваабаронца Алег Воўчак.
 
 
Праваабаронцы завяраюць, што пакуль улады не дадуць справаздачы, куды зніклі ўсе значныя дзеячы Беларусі, яны не пакінуць гэтую справу. Пры тым, пра лёс зніклых шмат хто ведае. Пра іх дакладна ведаюць былыя супрацоўнікі КДБ, але яны маўчаць.
 
 
“Многія думаюць, што пошукі доказаў далучанасці ўладаў да знікнення людзей — гэта бессэнсоўная ідэя, бо прайшло ўжо шмат часу. Але як былы следчы, я магу дакладна сказаць, што няма ідэальных забойстваў. Раней ці пазней усе абставіны высвятляюцца”, — заверыў Алег Воўчак.
 
 
Фільм “Банда” пабудаваны на гісторыях вядомых “зніклых”. У фільм уключаны кадры 90-ых гадоў, таксама інтэрв’ю з былымі супрацоўнікамі, якія былі набліжаны да кіраўніка дзяржавы, роднымі зніклых. У карціне паспрабавалі закрануць тое, што раней не асвятлялася. Гэты фільм — спроба пошукаў і абгрунтавання фактаў пра тое, што і былы міністр унутраных спраў Захаранка, і іншыя палітыкі не зніклі без вестак, а пацярпелі за тое, што выступілі ці збіраліся выступіць супраць рэжыму. І, варта сказаць, што спроба доказаў сабраных фактаў атрымалася досыць удалая.

Каментаваць