У Мінску прэзентавалі віртуальны Музей савецкіх рэпрэсій у Беларусі

Вечарам 3 снежня ў Мінску адбылася прэзентацыя віртуальнага Музея савецкіх рэпрэсій ў Беларусі — represii.net



Удзельнікі прэзентацыі


Як распавяла ініцыятар стварэння музея Валерыя Чарнаморцава, праца над зборамі будучага музея пачалася на пачатку 2007 года з ініцыятывы вядомага беларускага рэлігійнага і грамадскага дзеяча, дысідэнта Эрнэста Сабілы, які прапанаваў запісаць успаміны жыхароў Беларусі — былых вязняў ГУЛАГу. За мінулыя дзевяць гадоў было запісана каля 80 такіх успамінаў, з якіх каля 15 прадстаўлены ў экспазіцыі віртуальнага музея.

Сярод сабраных — успаміны тых выбітных беларусаў, хто, на жаль, ужо сышоў у лепшы свет; найперш мемуары камандзіра партызанскага антысавецкага аддзелу на Пастаўшчыне (Віцебская вобласць) у 1945 годзе Віктара Сікоры і аднаго з кіраўнікоў паўстання вязняў Горлагу (Нарыльск, Расія) летам 1953 года Кастуся Козака. “Дамовіліся запісаць успаміны заснавальніка і кіраўніка беларускага патрыятычнага моладзевага антысавецкага падполля ў Заходняй Беларусі ў 1946–1947 гадах, паэта, краязнаўцы, археолага Васіля Супруна, які жыў у Слоніме і знаходзіўся ў шпіталі, аднак, на жаль, не паспелі. Добра, што Васіль Супрун пакінуў шмат кніг і ягоныя ўспаміны запісалі слонімскія краязнаўцы”, — распавяла спадарыня Валерыя.

Валерыя Чарнаморцава

Яна зазначыла, што ў экспазіцыі прадстаўлены ўспаміны, копіі дакументаў і здымкаў, а таксама фота і апісанне рэчаў, што маюць дачыненне да трагічнага лёсу былых вязняў ГУЛАГу. Сярод найбольш цікавых і поўных збораў экспазіцыі музея Валерыя Чарнаморцава назвала калекцыі сына ўдзельніка Слуцкага паўстання, выбітнага беларускага дзеяча перыяду Другой сусветнай вайны, жыхара Салігорска Юрася Дубовіка. У ягоным зборы — арыгінал графічнага партрэта самога спадара Юрася, што з натуры алоўкам намаляваў невядомы вязень падчас этапавання ў ГУЛАГ у 1944 годзе.

Уражваюць матэрыялы калекцыі Веры Касмовіч, што жыла ў Гарадзеі (Мінская вобласць). Падчас зняволення ў Мінскай унутранай турме НКУС, так званай “Амерыканцы”, яна нарадзіла дачку Люсю, якая зараз жыве ў Калядзічах пад Мінскам, адбывала тэрмін у знакамітым трэцім аддзеле Стэпавага лагеру ў пасёлку Кенгір каля Джэзказгана (Казахстан), дзе з 16 мая па 26 чэрвеня 1954 года адбылося самае трагічнае паўстанне ў паслясталінскай гісторыі ГУЛАГу. Найбольшую цікавасць уяўляе ліставанне з гулагаўскімі здымкамі з кранальнымі подпісамі па-беларуску, што дасылалі адзін аднаму Вера Касмовіч і яе муж Яўген Касмовіч, які быў вязнем іншага лагеру ГУЛАГу.

Дарэчы, у Кенгіры была моцная беларуская суполка. Апроч Надзеі Касмовіч ў яе ўваходзілі, у тым ліку, Надзея Дземідовіч, Ірына Шэйбак, Яўгенія Шостак, Маня Азарка, якія часцяком спявалі песні “Пад гоман вясёлы” на словы Паўліны Мядзёлкі і “Зорачкі” на словы Сяргея Новіка-Пяюна.

Спявае Таццяна Грыневіч

Сярод акцый, запланаваных для развіцця музейнай экспазіцыі, Валерыя Чарнаморцава назвала конкурс “Фотаальбом памяці”, адмысловыя выставы, экскурсіі ў Курапаты і сустрэчы з былымі вязнямі ГУЛАГу.

За падтрымку у стварэнні экспазіцыі віртуальнага музея Валерыя Чарнаморцава выказала падзяку прафесійным гісторыкам Ірыне Раманавай, Аляксандру Гужалоўскаму і Ігару Кузняцову, каардынатару праекта Уладзіміру Багачу, а таксама Ягору Віняцкаму, Вользе Севярынец, Алене Катковай, Насці Рымашэўскай і ўдзельнікам кампаніі “Пакаянне” аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

Сваімі песнямі прэзентацыю аздобілі Таццяна Грыневіч, Андрэй Мельнікаў і Аляксей Галіч.

Каментаваць