У Мінску развіталіся з Віктарам Івашкевічам

У Мінску развіталіся з палітыкам і грамадскім дзеячам Віктарам Івашкевічам. Аб 11-й гадзіне пачалася імша. З 12-й да 14-й прайшла грамадзянская паніхіда, на якой выступіла больш за тры дзясяткі чалавек. Прысутныя спявалі «Магутны Божа». Пахавалі Віктара пад бел-чырвона-белам сцягам на Паўночных могілках побач са сваёй маці.



На грамадзянскую паніхіду ў рытуальную залю на вуліцу Альшэўскага прыйшло некалькі соцень чалавек: лідары дэмакратычнага руху, палітыкі, былыя дэпутаты, творчая і навуковая інтэлігенцыя, рабочыя, шмат моладзі. Дзясяткі вянкоў, тысячы кветак — у асноўным белага і чырвонага колераў. Адкрыў жалобны мітынг дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання, гісторык Валянцін Голубеў:

Родныя, даруйце, вы яго так навучылі — ён жыў найперш для Беларусі. Што б ні было, што б не трэба было зрабіць — напачатку трэба было зрабіць тое, што будзе карысным для Беларусі, а потым ён ужо думаў пра сябе. Віктар — той чалавек, які, калі нам удасца зрабіць пантэон герояў незалежнай Беларусі, будзе там адзін з першых. Ён наагул павінен быць першым там. Таму што гэта сапраўдны герой, сапраўды той чалавек, які жыў для Беларусі, які жыццё сваё паклаў на Беларусь.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання, лінгвіст Лявон Баршэўскі згадаў апошнія тыдні жыцця Віктара Івашкевіча:
 

Збіраліся сябры першага аргкамітэта Беларускага народнага фронту, думалі пра 19 кастрычніка. Я быў у Віктара, размаўлялі. Ён сказаў, што ні ў якім разе не трэба займацца мемуарамі. Трэба падумаць, што рабіць далей, як мы далей пойдзем, як мы аб’яднаемся, што мы плануем. Гэта ён казаў будучы смяротна хворым. Апошнія гады міліцыя яго не брала па адной прычыне: там ведалі, што ён можа проста памерці ў машыне ці турме... Але ён быў такі: і ў апошнія дні ён гаварыў пра будучыню. Дык вось нам трэба думаць пра будучыню і спраўджваць тое, пра што ён марыў.

Дырэктар Коласаўскага ліцэю Уладзімер Колас узгадаў, як кожную раніцу, калі Управа БНФ была яшчэ на Варвашэні, 8, Віктар Івашкевіч уздымаў над уваходам бел-чырвона-белы сцяг. Што да чалавечых якасцяў Івашкевіча, спадар Колас кажа:
 

Я хацеў бы падкрэсліць асноўную рысу ягонага характару: гэта адсутнасць нейкай злобы, зацятасці, амбіцый, нейкай радасці, калі няўдачы здараюцца з тваімі апанентамі (не з праціўнікамі, а з апанентамі па адной справе). Вось гэтай якасці шмат каму з нас не хапае. Менавіта таму з ім было прыемна спрачацца. А, дарэчы, няпроста з ім было спрачацца: гэта далёка быў не мяккацелы чалавек. Ён вельмі цвёрда стаяў на сваіх пазіцыях і вельмі цяжка было шукаць аргументы, каб пераканаць яго ў сваёй праваце.

Па адукацыі Віктар Івашкевіч — журналіст, і многія нашы калегі ўзгадвалі, якія прафесійныя, трапныя, дакладныя каментары падзеяў даваў Віктар Івашкевіч, як па палічках мог раскласці і прааналізаваць любую сітуацыю. 

Цяжка ўявіць, хто можа замяніць Віктара Івашкевіча ў грамадска-палітычнай дзейнасці ў Беларусі”, — лічыць каардынатар кааліцыі “За справядлівыя і сумленныя выбары” Віктар Карніенка.

Адным са стваральнікаў гэтага новага альянсу з'яўляўся і Віктар Івашкевіч:

— Кажуць, што няма незаменных. Я папрацаваўшы разам з Віктарам у кампаніі 2006 года, ды вось яшчэ нядаўна, улетку гэтага года мы працавалі над стварэннем кааліцыі, і вось я думаю, кім бы яго можна было замяніць. Я паважаю людзей, якія сёння побач з намі, але, шчыра кажучы, цяжка ўявіць, хто б мог выконваць тую працу з такім плёнам, як гэта рабіў Віктар. З ім нават спрачацца было прыемна, інтэлігентны чалавек, які заўсёды меў пераканаўчыя аргументы, — сказаў Віктар Карніенка.

Па словах Віктара Карніенкі, свая пазіцыя ў Віктара Івашкевіча была. Ён не быў кан’юнктуршчыкам і ніколі не меў “двайнога дна”, што зараз не рэдкасць у жыцці.

Яго ідэі і досвед маглі б яшчэ доўга служыць Беларусі. Што такое для палітыка 54 гады? Але, на жаль, так не сталася. Гэта вялікая страта. Але яго жыццё павінна натхняць іншых самааддана служыць Беларусі”, — кажа Віктар Карніенка.

Па словах блізкага сябра і паплечніка Віктара Івашкевіча, Вінцука Вячоркі, Беларусь развітваецца з адным са сваіх найвыдатнейшых сыноў, без каго беларуская незалежнасць магла б не адбыцца і без каго гэтую незалежнасць будзе цяжка зберагаць:

— Такія людзі ўвогуле рэдка нараджаюцца. Віктар прыйшоў у беларускі рух 20-гадовым чалавекам, і ад самага пачатку ён надаў яму вельмі моцны палітычны патэнцыял. Ён разумеў, што трэба ісці да людзей, што правільнай думкі недастаткова, бо яе яшчэ трэба данесці да людзей.

Па словах Вінцука Вячоркі, Віктара Івашкевіча можна лічыць сапраўдным народным лідарам. Былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч ведаў Віктара Івашкевіча з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя:

— Я бачыў яго на розных імпрэзах, якія ладзілі дэмакратычна арыентаваныя людзі ў Беларусі, і Беларускі Народны Фронт. А за што я яго больш за ўсё паважаў, то гэта за тое, што ён мог арганізаваць любое мерапрыемства.

Амаль усе буйныя дэманстрацыі пачынаючы з канца 80-х гадоў і па сённяшні час — святкаванні Дня Волі ці Чарнобыльскі шлях, а таксама іншыя мерапрыемствы, амаль заўсёды ладзіліся пры ўдзеле Віктара Івашкевіча. Развітанне з ім адбылося пад гукі нацыянальнага беларускага гімна “Магутны Божа”. Віктар Івашкевіч пахаваны на Мінскіх Паўночных могілках. Палітыку было 54 гады.

Паводле Беларускага Радыё Рацыяwww.svaboda.org

Каментаваць