У Мінску ўшанавалі памяць Міхася Чарняўскага

28 лютага ў мінскай сядзібе Партыі БНФ адбылася вечарына памяці аднаго з волатаў беларускага адраджэння і маральных аўтарытэтаў нацыі, навукоўцы і грамадскага дзеяча Міхася Чарняўскага, які адышоў у лепшы свет 20 студзеня на 75-м годзе жыцця.

 



Фота Марата Гаравога


На вечарыне было прэзентаванае другое выданне кнігі Міхася Чарняўскага “Не бойцеся ахвяраў і пакут!”, надрукаванай на ахвяраванні грамадзян у сталічным выдавецтве А.М. Вараксіна накладам ў 500 паасобнікаў.  У 160-старонкавы навукова-папулярны зборнік увайшлі дакументы і матэрыялы пра дзейнасць мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падзем’я ў 1948-1950 гадах і яго кіраўніка, нязломнага змагара супраць таталітарызму за свабоду і незалежнасць Беларусі Расціслава Лапіцкага (01.09.1928-27.10.1950), забітага сталіністамі.

Як адзначыў каардынатар грамадскай акцыі па збору сродкаў на выданне кнігі Алесь Мазанік, выхадам зборніку ў свет была выкананая апошняя воля Міхася Чарняўскага. Паводле слоў Мазаніка, першае выданне кнігі, якая была надрукавана ў 2006 годзе ў віленскім выдавецтве “Наша будучыня” накладам усяго ў 200 паасобнікаў, даўно стала бібліяграфічным рарытэтам. “Галоўнымі героямі айчыннай гісторыі для спадара Міхася былі Кастусь Каліноўскі і Расціслаў Лапіцкі”, — сказаў Мазанік. Ён выказаў перакананне, што кніга яшчэ не раз будзе перавыдадзена.

  

Паводле словаў жонкі Міхася Чарняўскага Святланы, у мужа было вельмі многа задум і каб іх здзейсніць, апошнія тры гады свайго жыцця ён вельмі мала спаў. “Так было і раней. Можа таму ён так многа зрабіў. Толькі па археалогіі у яго недзе дзве тысячы публікацый. І калі ён папаў на той свет, дык адразу паляцеў шукаць Расціслава Лапіцкага, бо ім ёсць аб чым пагаварыць”, — сказала Святлана Чарняўская.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў упэўнены, што Міхась Чарняўскі безумоўна пайшоў бы ў  паўстанне Кастуся Каліноўскага, быў бы у першых шэрагах і напэўна загінуў ў баі, на шыбеніцы, пад час расстрэлу ці недзе ў сібірскіх капальнях.

На шчасце яму выпала нарадзіцца ў іншы час і ён не падзяліў лёс тых, чыё жыццё было абарвана вельмі рана. Ён здолеў здзейсніцца у самых розных сваіх іпастасях: як археолаг, каторы рабіў навуковыя адкрыцці, як гісторык — аўтар шматлікіх даследаванняў, як публіцыст, як грамадскі дзеяч і палітык, каторы ствараў “Мартыралог Беларусі” і Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, адраджаў Грамаду і быў вельмі цікавым мастаком. Яго востра-публіцыстычныя малюнкі ў свой час з нумару у нумар друкавала “Літаратура і мастацтва”. Міхась Чарняўскі здзейсніўся як пісьменнік. Ён аўтар шэрагу бліскучых кніг для падлеткаў, у тыл ліку “Як пошуг маланкі” пра Расціслава Лапіцкага. І рэкамендацыі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў яму давалі Ніл Гілевіч і Янка Брыль. Спіс яго навуковых выданняў уражвае. Апроч таго, спадар Міхась быў у аўтарскіх калектывах шэрагу энцыклапедый. Але жыццё яго не было бесхмарным. Яно і не магло быць такім у хлопчыка, які ўжо у пятым класе раскідваў на мядзельскіх дарогах улёткі з заклікам “Прэч расійскіх акупантаў!”, натхняючыся прыкладам Расціслава Лапіцкага. А на пачатку 1970-х, калі КДБ разграміў так званы “Акадэмічны асяродак” патрыятычна настроенай нашай інтэлігенцыі, у які ўваходзіў і Міхась Чарняўскі, ён з сябрамі і жонкай прайшоў праз допыты. Звольнены з акадэміі, мой сябра стаў працаваць грунтоўшчыкам палотнаў для нагладнай агітацыі. Ад спадара Міхася таго часу ў мяне засталося ўражанне смяротна стомленага чалавека, але не зломленага”, — сказаў Арлоў.

Ён назваў сыход Чарняўскага “стратай агульнанацыянальнага маштабу” і “асабістым горам” для тых, хто яго добра ведаў.

Каментаваць